У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла дыялогавая пляцоўка «Свечка памяці», прысвечаная 85-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У рамках мерапрыемства адбылося адкрыццё выставы аб вязнях канцлагераў і адкрыты дыялог аб героях і ахвярах вайны.
22 чэрвеня – не проста дата, а дзень, які падзяліў жыцці шматлікіх людзей на «да» і «пасля». Гэта дзень, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. З таго дня прайшло ўжо роўна 85 гадоў, але глыбокія шнары, якія пакінулі тыя падзеі ў гісторыі нашай краіны – разбураныя гарады, спаленыя вёскі, загінулыя людзі, – баляць да гэтага часу. У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа ў Купалаўскім універсітэце адбылася дыялогавая пляцоўка «Свечка памяці».
Галоўнай падзеяй сустрэчы стала адкрыццё сумеснай выставы ГрДУ імя Янкі Купалы і пракуратуры Гродзенскай вобласці «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі»
–Выстава ўнікальная тым, што мы паспрабавалі адлюстраваць у ёй тэму канцэнтрацыйных лагераў Гродзенскай вобласці, – расказаў Павел Сілюк. – На гэтай фотавыставе вы ўбачыце і архіўныя фатаграфіі, і фатаграфіі вязняў, якія жывуць цяпер, а таксама іх успаміны пра тыя страшныя падзеі.
Ужо на працягу пяці гадоў Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь праводзіць расследаванне па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, і за гэты час была праведзена каласальная работа. Як адзначыў Павел Сілюк, на тэрыторыі Гродзенскай вобласці дакументальна пацверджана не менш як 95 месцаў прымусовага ўтрымання грамадзян, прычым аб 49 з іх раней нават не было вядома. І такая маштабная праца, сумешчаная з даследчай дзейнасцю студэнтаў, дазволіла стварыць выставу, якая падрабязна і праўдзіва расказвае пра трагічныя старонкі ваенных часоў.
– Гэтая выстава не толькі пра самі лагеры, яна захоўвае ўспаміны тых, хто ў іх знаходзіўся, у тым ліку выкладчыкаў нашага ўніверсітэта. Гэта і ёсць тое, што называецца гістарычнай памяццю. Экспазіцыя дазваляе нам сёння ўбачыць, якім было чужое дзяцінства, і зрабіць усё, каб такое ніколі не паўтарылася на беларускай зямлі, – падзяліўся намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Андрэй Гецэвіч.
Экскурсію па выставе правёў студэнт першага курса спецыяльнасці «Гісторыя» Максім Заламай. Ён падрабязна расказаў удзельнікам мерапрыемства аб палітыцы генацыду, сабраных архіўных звестках і лёсах беларусаў, якія трапілі ў лагеры.
Потым пачалася сама дыялогавая пляцоўка. З прывітальным словам да прысутных звярнуўся прарэктар па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіль Сянько. У сваёй прамове ён адзначыў важнасць правядзення гэтай дыскусіі, асабліва для моладзі.
– Яна пакіне незгладжальнае ўражанне перш за ўсё ў сэрцах нашых студэнтаў, якія амаль не заспелі ветэранаў асабіста і знаёмыя з паняццем вайны толькі па кнігах і фільмах.
Пасля прывітальных слоў усе прысутныя праслухалі аўдыёфайл «Дзённік нямецкага салдата». У рамках дыскусіі з дакладамі, прысвечанымі героям Вялікай Айчыннай вайны, выступілі студэнты і выкладчыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму.
Гэтая сустрэча стала важным крокам да захавання гістарычнай памяці. Фатаграфіі, жывыя сведчанні і архіўныя матэрыялы паслужылі мастом паміж сучаснасцю і мінулым, а іх адкрытае абмеркаванне – напамінам аб тым, што трагедыя мінулага ніколі не павінна паўтарыцца.