18 чэрвеня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшоў Адзіны дзень інфармавання, прысвечаны 85-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Ключавой тэмай сустрэчы стала «Памяць у імя будучыні».
Спікерамі Адзінага дня інфармавання выступілі загадчык кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Сяргей Амелька і прарэктар па бяспецы і кадрах Ігар Ціцянкоў.
У пачатку сустрэчы акцэнтавалі ўвагу на тым, што ў сучасным свеце ўсё часцей праяўляюцца спробы скажэння гісторыі, якія абясцэньваюць уклад Савецкага Саюза ў Вялікую Перамогу над фашысцкай Германіяй. Адной з умоў існавання і велічы любога народа з'яўляецца гістарычная памяць, і сёння наша агульная галоўная задача - не дапусціць знішчэння інфармацыі аб гераічным подзвігу нашага народа.
Як адзначыў Кіраўнік Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 7 мая 2026 года: «Беларусь, якая страціла ў гарніле Вялікай Айчыннай кожнага трэцяга, разбураная, спаленая, але непакорная, разам з іншымі народамі Савецкага Саюза выратавала планету ад карычневай чумы. Гэта найвялікшая заслуга, гонар беларускага народа, усяго савецкага народа. Ад гэтага гонару мы ніколі не павінны адмовіцца».
У ходзе сустрэчы была прыведзена страшная статыстыка генацыду беларускага народа: на акупаванай тэрыторыі нацысты стварылі больш за 570 лагераў смерці, правялі больш за 180 буйных карных аперацый, знішчылі больш за 12860 сёл і вёсак і сагналі больш за 380000 чалавек з Беларусі ў Германію.
Адбылося абмеркаванне механізмаў супрацьдзеяння скажэнню гістарычнай праўды ў Беларусі. Цяпер у Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць законы «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» і «Аб генацыдзе беларускага народа», а ў абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацаваны абавязак дзяржавы забяспечваць захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады вайны. У красавіку 2021 года Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана і да гэтага часу расследуецца крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў ходзе Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Па стану на 24 красавіка 2026 года вынесена 7 абвінаваўчых прыгавораў.
Асаблівая ўвага была нададзена сучасным спробам Еўропы перапісаць гісторыю - падмене 9 мая «Днём Еўропы», гераізацыі нацысцкіх злачынцаў і зносу помнікаў і мемарыялаў савецкім воінам-вызваліцелям. У той жа час у Беларусі праводзіцца актыўная работа па ўшанаванні гістарычнай памяці. Яна ўключае ўстаноўку манументаў, стварэнне мастацкіх і дакументальных фільмаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, узнагароджанне населеных пунктаў вымпеламі «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны», правядзенне пошукавых работ на месцах воінскіх пахаванняў і стварэнне спецыяльных баз даных з імёнамі ўдзельнікаў вайны. Таксама ў рамках Адзінага дня інфармавання абмяркоўвалася ўцягванне моладзі ў захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне.
Таксама ўдзельнікі ўзнялі пытанне экстрэмісцкай дзейнасці, яе праявы ў межах тэмы Адзінага дня інфармавання і метадах барацьбы з ёю.
У завяршэнне было адзначана, што наш абавязак – памятаць падзеі ваеннага часу і подзвіг яго ўдзельнікаў, бо памяць – гэта гарантыя непаўтору трагедыі тых гадоў і залог мірнага жыцця будучых пакаленняў.