27 мая на базе Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі адбыўся заключны этап XIII Рэспубліканскай алімпіяды па менеджменце. Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі.
Алімпіяда праходзіла ў два этапы. На першым этапе экспертная камісія ацэньвала рэфераты па актуальных пытаннях менеджменту якасці. Аўтары лепшых работ прайшлі ў фінал, дзе ўдзельнікаў чакалі камп'ютарнае тэсціраванне і камандныя выступленні. У гэтым годзе за званне пераможцаў змагаліся 90 студэнтаў з 13 вышэйшых навучальных устаноў Беларусі.
Работы канкурсантаў ацэньвала Рэспубліканская экспертная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Дзяржстандарта, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, БелДІСС і вядучыя спецыялісты ў галіне менеджменту якасці.
Дыплома II ступені ўдастоена каманда Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы факультэта эканомікі і кіравання ў складзе Уладзіслава Бурагі, Кірыла Барадзені, Данііла Гнідко, Яўгеніі Горбач. Навуковым кіраўніком з'яўляецца старшы выкладчык кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве Святлана Маталыцкая. Таксама каманда была ўзнагароджана дыпломам "За сістэмны аналіз патэнцыялу і бар'ераў укаранення штучнага інтэлекту ў кіраванне вытворчасцю".
Таксама каманды Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўзнагароджаны дыпломамі ў дадатковых намінацыях. Дыпломам "За крэатыўнае каманднае выступленне" ўзнагароджана каманда фізіка-тэхнічнага факультэта пад навуковым кіраўніцтвам дацэнта кафедры электратэхнікі і электронікі Вікторыі Коўтун-Кужэль. У склад каманды ўвайшлі Данііл Брагаў, Міхаіл Буклага, Святаслаў Ляўчук, Уладзімір Арэхва.
Дыпломам "За комплекснае даследаванне ролі сучасных лічбавых тэхналогій у забеспячэнні бяспекі на вытворчасці" ўзнагароджана каманда інжынернага факультэта пад навуковым кіраўніцтвам загадчыка кафедры лагістыкі і метадаў кіравання Вадзіма Хартоўскага. У склад каманды ўвайшлі Вераніка Копаць, Ілона Кулік, Ксенія Ясюкевіч, Паліна Фронская.
Дыпломам "За глыбокае раскрыццё і змястоўнасць каманднага выступлення" ўзнагароджана каманда факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму пад навуковым кіраўніцтвам начальніка аддзела менеджменту якасці Сяргея Шчарбініна і дацэнта кафедры журналістыкі Анастасіі Зязюлевіч. У склад каманды ўвайшлі Ксенія Філюта, Вікторыя Панамарэнка, Герман Бусловіч, Антон Калюта.
Віншуем студэнтаў і іх навуковых кіраўнікоў з цудоўнымі вынікамі і жадаем новых перамог у прафесійнай дзейнасці!