Мінулыя выхадныя для супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта прайшлі ў фармаце экскурсійнага тура. Купалаўцы змянілі рабочую абстаноўку на знаёмства з унікальнай спадчынай Гродзенскага рэгіёну, наведаўшы легендарныя вытворчасці са шматгадовай гісторыяй.
Знаёмства з рэгіёнам пачалося ў Бярозаўцы на знакамітым шклозаводзе "Нёман". Купалаўцам прадставілася магчымасць на свае вочы ўбачыць працэс ператварэння распаленай масы ў вытанчаныя формы і даведацца пра тонкасці старажытнага рамяства шкловыдзімальшчыкаў.
Другой кропкай маршрута стала Ліда, дзе супрацоўнікі ўніверсітэта наведалі інтэрактыўны музей Лідскага бровара, адкрыты на тэрыторыі завода ў 2022 годзе. Удзельнікам прадэманстравалі эвалюцыю піўной эстэтыкі - ад дызайну этыкетак да формы куфляў. Акрамя таго, купалаўцам паказалі калекцыю рарытэтных бутэлек завода Носеля Пупко, датаваных канцом XIX - пачаткам XX стагоддзя, якія захавалі дух мінулай эпохі.
Нефармальныя зносіны па-за сценамі ВНУ не толькі пашыраюць далягляд, але і ўмацоўваюць карпаратыўны дух, ствараючы даверную атмасферу ўнутры вялікай Купалаўскай сям'і.