Сёння, 23 лютага, адбылося ўрачыстае адкрыццё выставы «Крыніца натхнення – мой універсітэт» галерэі «UNIVERSUM». Мерапрыемства прымеркавана да Дня нараджэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Традыцыйна адкрыццё абноўленай экспазіцыі галерэі пачалося з запальвання свечак.
Экспазіцыю выстаўкі склалі курсавыя і дыпломныя работы студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну, выкананыя пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва. Тэма гэтага года гучыць натхняльна – «Крыніца натхнення – мой універсітэт». Маладыя мастакі прадставілі гледачам свой унікальны погляд на тое, што з'яўляецца для іх галоўнай крыніцай творчага натхнення. У сваіх работах яны адлюстравалі цудоўную прыроду свайго краю, родны горад Гродна, любімыя славутасці і свой родны Купалаўскі ўніверсітэт.
З прывітальным словам да гасцей мерапрыемства звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна павіншавала ўсіх з адкрыццём выставы і падкрэсліла асаблівы сэнс, закладзены ў яе назве.
– Мы з вялікім гонарам і задавальненнем сёння адкрываем гэтую выставу з такой мілагучнай назвай «Крыніца натхнення – мой універсітэт». Але наш універсітэт з’яўляецца не толькі крыніцай натхнення, але і крыніцай любові, таму што мы часта гаворым, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – гэта пра каханне, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Таксама рэктар выказала шчырую падзяку студэнтам, чые працы зараз упрыгожваюць галерэю, а таксама выкладчыкам, пад чыім чулым кіраўніцтвам ствараліся карціны. Ірына Фёдараўна пажадала купалаўцам поспехаў і новых здзяйсненняў, а таксама павіншавала ўсіх прысутных мужчын з Днём абаронцаў Айчыны.
Адкрыццё выставы стала не толькі працягам цудоўнай традыцыі, але дазволіла ўсім жадаючым убачыць, як любоў да універсітэта і роднага краю раскрываецца ў мастацтве.