Больш за 1000 чалавек далучыліся да напісання традыцыйнай Купалаўскай дыктоўкі. Сярод іх не толькі купалаўцы, але і навучэнцы школ і замежныя студэнты. Сёлета ўдзельнікі пісалі тэкст паводле Янкі Сіпакова “Ліст да Радзімы”.
Традыцыйна дыктоўка прысвечана Дню роднай мовы – святу, якое адзначаецца ва ўсім свеце. І, безумоўна, Купалаўская дыктоўка прысвечана Дню нараджэння ўніверсітэта. У гэтым годзе купалаўцы і сябры ўніверсітэта напісалі традыцыйную дыктоўку ўжо ў пяты раз. Трэба адзначыць, што геаграфія ўдзельнікаў у гэтым годзе значна пашырылася.
Да напісання традыцыйнай дыктоўкі далучыліся Пасольствы Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, Ізраілі, Індыі, Рэспубліцы В’етнам, ва Узбекістане, Таджыкістане, Рэспубліцы Казахстан, Кыргызскай Рэспубліцы, а таксама генеральныя консульствы Рэспублікі Беларусь у Стамбуле і Ганконгу . Напісалі дыктоўку ў Сіаньскім універсітэце замежных моў, Пекінскім універсітэце замежных моў, Цяньцзіньскім універсітэце замежных моў. Да напісання таксама далучыліся Нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Масквы”, Беларуская суполка Арменіі “Беларусь” і філалагічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава. Таксама да напісання дыктоўкі далучыліся ў анлайн-рэжыме прадстаўнікі раённых выканаўчых камітэтаў, вучні і педагогі школ Гродзенскай вобласці.
Маштабны ўдзел у дыктоўцы прынялі і купалаўцы – больш за 1000 чалавек напісалі тэкст, пранізаны любоўю да роднага краю. Усіх удзельнікаў дыктоўкі павітала ў відэазвароце рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка і пажадала атрымаць асалоду ад напісання дыктоўкі. Як адзначыў першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі, такое святочнае мерапрыемства сапраўды яднае людзей:
– Кожны год людзі з задавальненнем далучаюцца да Купалаўскай дыктоўкі і пішуць тэкст на нашай роднай мове. Мы падбіраем тэксты, пранізаныя любоўю да Беларусі, пяшчотай да нашай Радзімы. Яны расказваюць аб нашых людзях, якія шчыра і плённа працуюць.
Удзел у Купалаўскай дыктоўцы прыняла і студэнтка філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Ангеліна Янкелайць, якая адзначыла, што выбар прафесіі, звязаны з беларускай мовай, невыпадковы:
– Я з дзяцінства захаплялася беларускай мовай, мая маці – настаўнік беларускай мовы і літаратуры. І я выбрала гэты лёс для сябе. Нават мая малодшая сястра зараз удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца кафедрай беларускай філалогіі нашага ўніверсітэта. І мы спадзяёмся, што яна таксама звяжа сваё жыццё з беларускай мовай.
Дзяўчына дадала, што Міжнародны дзень роднай мовы асаблівы для яе, як і для ўсіх яе аднакурснікаў, а таксама для кожнага студэнта Купалаўскага ўніверсітэта.