Моладзевы праект "Выбіраем студатрад" стартуе 24 лютага.
Як паведаміў кіраўнік Штаба працоўных спраў ГрДУ імя Янкі Купалы Ягор Галімаў, мэта акцыі - праінфармаваць студэнтаў аб магчымасцях працаўладкавання ў перыяд трэцяга працоўнага семестра. Студэнцкі атрад - гэта не толькі спосаб заробку ў летні перыяд, але і магчымасць набыць новых сяброў. Штогод у складзе студэнцкіх атрадаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы працуе каля 700 студэнтаў.
Акцыя "Выбіраем студатрад" стартуе 24 лютага ў 12:30 у холе галоўнага корпуса па адрасе Ажэшкі, 22. Перад юнакамі выступяць байцы студатрадаў, за плячыма якіх не адна цаліна. Яны раскажуць, дзе працавалі мінулым летам, падзеляцца сваімі ўражаннямі і эмоцыямі, а таксама правядуць прыемны розыгрыш для патэнцыйных байцоў студэнцкіх атрадаў.
- На працягу трох гадоў байцы студэнцкага вытворчага атрада "Купалаўцы" імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Іванавіча Абрамчука працуюць на ЗАТ "Атлант". У гэтым годзе Штаб працоўных спраў плануе сфарміраваць атрад для студэнцкага вытворчага працоўнага праекта на ААТ "МАЗ", - распавёў Вадзім Гунько, сакратар ВА/РК ГА "БРСМ" ГрДУ імя Янкі Купалы.
Несумненна, праца ў студэнцкім атрадзе - гэта карыснае і цікавае баўленне часу, якое дае магчымасць пашырыць кола сяброў і аднадумцаў.