Ваенны факультэт расчыніць свае дзверы перад патэнцыйнымі абітурыентамі ў наступную суботу, 18 лютага. У школьнікаў і іх бацькоў будзе ўнікальная магчымасць убачыць будні курсантаў знутры, пагутарыць з кіраўніцтвам факультэта.
Курсанты на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы навучаюцца па дзвюх спецыяльнасцях: "Фізічная культура" і "Тылавое забеспячэнне войскаў". Да гэтага года навучанне па апошняй праходзіла па двух прафілізацыях - забеспячэнне харчаваннем і рэчавай маёмасцю. З 2023 года дадалася яшчэ адна - забеспячэнне гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Кожная са спецыяльнасцей цікавая і карыстаецца вялікім попытам у абітурыентаў. Дарэчы, «тылавікоў» у Беларусі рыхтуюць цяпер толькі на ваенным факультэце Купалаўскага ўніверсітэта.
Дзякуючы Дню адчыненых дзвярэй школьнікі і іх бацькі змогуць даведацца, як паступіць на ваенны факультэт, і азнаёмяцца з умовамі пражывання дзяўчат і юнакоў. Гасцям раскажуць аб узорах ваеннай формы розных гадоў і падраздзяленняў, таксама школьнікі змогуць папрактыкавацца на навучальных трэнажорах. Нагадваем, што з мінулага года на ваенны факультэт могуць паступаць і дзяўчаты.
Мерапрыемства ў рамках Дзён адчыненых дзвярэй праходзіць у нязмушанай і дружалюбнай абстаноўцы, госці могуць задаваць любыя пытанні, без праблем пагутарыць як з афіцэрамі, так і з курсантамі, якія з вялікім задавальненнем расказваюць аб сваім вопыце.
Як адзначае начальнік ваеннага факультэта палкоўнік Аляксандр Юнец, на факультэце створаны ўсе неабходныя ўмовы для паспяховай і плённай вучобы курсантаў:
- У факультэта добрая матэрыяльна-навучальная база, якая дае магчымасць навучаць курсантаў на высокім узроўні. Эфектыўнаму навучальнаму працэсу таксама спрыяе і тое, што факультэт размяшчаецца на тэрыторыі 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады, што, несумненна, прыносіць свой плён. Дзень адчыненых дзвярэй - гэта выдатная магчымасць паказаць усе перавагі навучання на нашым факультэце.
Натуральна, гасцей Дня адчыненых дзвярэй пачастуюць кашай, прыгатаванай курсантамі ваеннага факультэта. Мерапрыемства адбудзецца з 10.00 да 13.00 па адрасе г. Гродна, Фолюш 15/219. Запрашаем усіх жадаючых прыняць удзел!