Праз два гады Гродна зноў прымерыў статус шматнацыянальнай сталіцы дружбы і адзінства. У мінулыя выхадныя, з 5 па 7 чэрвеня, у горадзе над Нёманам адгрымеў юбілейны XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які аб'яднаў пад сваім гасцінным небам больш за 800 прадстаўнікоў 42 нацыянальнасцей.
Значнасць маштабнага свята падкрэсліў удзел у яго адкрыцці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
– Ідэя свята адлюстроўвае багатую гісторыю роднай зямлі. Гэтая зямля размешчана на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, дзе сустракаліся цывілізацыі (і сутыкаліся), дзе сустракаліся народы, рэлігіі, дзе фармаваўся наш нацыянальны менталітэт. Гэта адкрытасць, гэта гасціннасць, уменне працаваць разам, сябраваць, гатоўнасць прымаць у свой дом усіх, хто ідзе са светам і дабром, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Праграма фестывалю была насычанай і разнастайнай. На «Алеі сяброўства» ў Каложскім парку ўдзельнікі ў межах акцыі «Новым сябрам мы заўсёды рады» высадзілі дрэвы. У парку Жылібера прайшла ўрачыстая цырымонія ўскладання кветак да брацкай магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а ў храмах вобласці адбыўся малебен «За мір, згоду і талерантнасць». Нагадваем, што ў нашым, Купалаўскім універсітэце прайшоў круглы стол «Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур – 30 гадоў». Таксама на плошчы Леніна адбылося тэатралізаванае шэсце нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў і ўрачыстая цырымонія адкрыцця заключных мерапрыемстваў фестывалю. А вечарам для гасцей свята былі арганізаваны гала-канцэрт з удзелам майстроў мастацтваў Беларусі і нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў, а таксама маладзёжная дыскатэка ад «Душэўнага радыё» і групы «Фабрыка», сумесна з якой пад песню «Рамантыка» выступіў харэаграфічны калектыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы «ВІАР».
На працягу двух дзён, з 5 па 6 чэрвеня, у горадзе працавалі выставы-кірмашы і тэматычныя пляцоўкі, дзе жадаючыя змаглі дакрануцца да розных культур. У другі дзень фестывалю навуковая бібліятэка нашага ўніверсітэта прыняла ўдзел у X Абласным фестывалі кнігі «Гродзенскі літфест». Замежныя студэнты Купалаўскага ўніверсітэта прадставілі творчыя нумары на канцэрце «Адзінства ў разнастайнасці», у рамках XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Заключны дзень фестывалю адбыўся 7 чэрвеня на Аўгустоўскім канале. Вынікі святкавання падвёў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Караеў:
– Нашы арганізатары зрабілі свята насычаным, кожны раз растуць, кожны раз здзіўляюць нечым новым. Нязменнымі застаюцца майстэрства, талент і энтузіязм людзей. Удзельнікі, якія змяняюць адзін аднаго ў танцах... Відаць, як гэта знясільваюча, але з якім задавальненнем, з якім натхненнем яны ўсё гэта робяць. І дарослыя, і дзеці, – адзначыў Юрый Караеў. – Па маіх адчуваннях, у гэтым годзе гасцей не менш. Нават па нумарах машын, якія я бачу каля гатэляў у горадзе і па дарозе сюды, заўважна, што прыехала вельмі шмат гасцей з розных куткоў. Нам гэта вельмі падабаецца, мы жадаем, каб да нас прыязджалі людзі са ўсіх краін міру.
Апроч культурнай праграмы, купалаўцы ўзялі на сябе важную арганізацыйную місію. На працягу ўсяго свята на вуліцах Гродна працавалі валанцёры ўніверсітэта. Таксама былі арганізаваны пункты знаходак, дзе можна знайсці страчаныя рэчы. Першы размешчаны ў Гродзенскай дзіцячай школе мастацтваў імя Антонія Тызенгаўза (плошча Тызенгаўза, 5, 2 паверх). Другі пункт адкрыты ў галоўным корпусе Купалаўскага ўніверсітэта (вул. Ажэшкі, 22).
XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне ў чарговы раз пацвердзіў, што гэты горад - яскравы прыклад стварэння, талерантнасці і захавання лепшых культурных традыцый нашай краіны.