Удзельнікамі XI Адкрытага міжнароднага фестывалю-конкурсу «Творчасць без межаў» сталі тэатральныя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з Беларусі, Расіі і Азербайджана. Удзел прынялі больш за 4500 чалавек.
Мэта правядзення конкурсу - стварэнне для дзяцей і моладзі магчымасці творчых зносін, выяўленне новых талентаў, знаёмства з узорамі нацыянальнай культуры і мастацтва розных краін; падтрымка развіцця дзіцячых і юнацкіх творчых калектываў.
Конкурс праходзіў у два этапы: адборачны і фінальны. Выступленні былі прадстаўлены ў трох намінацыях: намінацыі жанру «Харэаграфія», намінацыі жанру «Вакал» і намінацыі жанру «Інструментальны».
Скарбонка творчых дасягненняў Купалаўскага ўніверсітэта папоўнілася яшчэ адной значнай узнагародай. Па выніках XI Адкрытага міжнароднага фестывалю-конкурсу «Творчасць без межаў» творчы калектыў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы заняў трэцяе месца ў намінацыі «Драматычны тэатр (17–25 гадоў)». У якасці пастаноўкі купалаўцы прадставілі ўрывак са спектакля «У неба глядзець цікава». Рэжысёрам-пастаноўшчыкам выступіў Мікіта Сукач – мастацкі кіраўнік «народнага» студэнцкага тэатра «Вернісаж».
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы віншуе «Народны» студэнцкі тэатр «Вернісаж» з гэтым высокім дасягненнем і ад усёй купалаўскай сям'і жадае далейшых творчых поспехаў і перамог!