Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў універсітэцкай алімпіяды Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылася 21 сакавіка. У актавай зале сабраліся пераможцы алімпіяды, іх бацькі і педагогі, а таксама ганаровыя госці.
Шматпрофільная ўніверсітэцкая алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2025-2026 навучальным годзе складалася з 8 профільных алімпіяд па 7 вучэбных прадметах: «Біялогія», «Матэматыка», «Хімія», «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», «Англійская мова», «Руская мова.Руская літаратура» і «Беларуская мова. Беларуская літаратура».
На мерапрыемстве прысутнічалі рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, доктар гістарычных навук Ірына Кітурка; першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Галіна Курганская, дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Андрэй Праневіч, дэкан філалагічнага факультэта Святлана Ганчар і адказны сакратар прыёмнай камісіі Авак Вартанян.
З прывітальным словам выступіла рэктар Ірына Кітурка.
– Я вельмі ганаруся тым, што скончыла Купалаўскі ўніверсітэт і прайшла ў ім усе ступені: ад выкладчыка, дэкана факультэта, прарэктара да рэктара ўніверсітэта. Я вельмі люблю гэты ўніверсітэт. Мы часта гаворым, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы – гэта пра каханне. Гэта праўда! Нездарма ў словах гімна, які вы сёння пачулі, ёсць словы «мы сталі дружнай сям'ёй – дацэнт, прафесар і студэнт». Мы часта гаворым пра тое, што мы дружная, вялікая Купалаўская сям'я. Прычым мы любім не толькі студэнтаў, але і выпускнікоў. Мы ўважліва сочым за іх поспехамі, таму што іх поспехі – гэта і нашы поспехі, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Таксама да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Галіна Курганская:
– Перш чым перайсці да цырымоніі ўзнагароджання, паважаная Ірына Фёдараўна, дазвольце мне прызнацца ў каханні да роднага ўніверсітэта! Дарагія хлопцы, мы ўсе выдатна разуменнем, што ў вас вельмі няпросты і важны год. Ваша перамога ва ўніверсітэцкай алімпіядзе – гэта першы крок. Вы зараз стаіце на парозе дарослага жыцця, і гэта ваша першая дарослая перамога! Да гэтай перамогі вы ішлі 11 гадоў.
Ва ўрачыстай абстаноўцы пад апладысменты настаўнікаў і бацькоў пераможцы атрымалі заслужаныя дыпломы, якія адчыняюць перад імі дзверы ў свет вышэйшай адукацыі без уступных іспытаў.