Сёння, 6 сакавіка, напярэдадні самага прыгожага вясновага свята - 8 Сакавіка, у Купалаўскім універсітэце адбылася асаблівая сустрэча. Рэктар Ірына Кітурка запрасіла прадстаўніц універсітэцкай супольнасці, каб у цёплай і душэўнай атмасферы павіншаваць жанчын.
Са словамі шчырай падзякі і глыбокай удзячнасці да жанчын Купалаўскага ўніверсітэта звярнулася рэктар Ірына Кітурка.
- Я не ведаю, як мужчыны працуюць у нашым універсітэце. Цяпер увесну, калі ты ідзеш па ўніверсітэце, гэта нешта неверагоднае! Ідуць прыгожыя студэнткі, супрацоўніцы, выкладчыцы, кіраўніцы. Мне здаецца, што наша з Вамі таямніца крыецца ў духоўным унутраным свеце, які адлюстроўваецца ў выглядзе ўсмешкі на нашым твары. Я абсалютна ўпэўненая ў тым, што ні ў адным універсітэце краіны няма такога калектыва, які ёсць у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Калектыва, які зараджаны на поспех. Такое вялікае шчасце для кіраўніка разумець, што цябе заўжды падтрымаюць, што зробяць не проста добра, а вельмі добра! – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Звяртаючыся да кожнай жанчыны, Ірына Фёдараўна знайшла асаблівыя словы за канкрэтныя дасягненні, рэалізаваныя праекты і тую штодзённую працу, якая стаіць за поспехам усяго Купалаўскага ўніверсітэта. Гэтая сустрэча падкрэсліла глыбокую павагу да той ролі, якую цудоўная палова калектыву адыгрывае ў жыцці нашай ВНУ, і стала выказваннем шчырай падзякі за іх уклад, самааддачу і натхненне.
Сустрэча завяршылася віншаваннямі ў адказ: удзельніцы мерапрыемства выказалі Ірыне Кітурка ўдзячнасць за падтрымку, пажадаўшы энергіі і новых прафесійных вышынь. З віншавальнай прамовай ад жанчын Купалаўскага ўніверсітэта выступіла прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун.
– Мы хочам Вас павіншаваць не толькі як бясспрэчнага лідэра і нашага кіраўніка. Мы хочам Вас павіншаваць як прыгожую жанчыну, як прызнанага вучонага, доктара гістарычных навук і проста як добрага чалавека. Ірына Фёдараўна, Вы натхняеце нас! Мы ідзем за Вамі, мы імкнемся быць з Вамі! Вы для нас апора, надзейнасць, матыватар і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, – падкрэсліла Наталля Зігмунтаўна.
Такая згуртаванасць калектыву нагадвае, што ў аснове маштабных поспехаў любой навучальнай установы ляжаць не толькі прафесійныя паказчыкі, але і шчырыя чалавечыя адносіны, узаемная падтрымка і вера ў агульную справу.