Святочныя мерапрыемствы стваралі асаблівую атмасферу ў ГрДУ імя Янкі Купалы на працягу двух тыдняў.
У апошні, найважнейшы дзень святкавання, для ўсіх аматараў кітайскай культуры была арганізавана інтэрактыўная пляцоўка «Кітайскі квартал». Перад яе адкрыццём да гасцей звярнуўся прарэктар па вучэбнай рабоце Лявонцій Паўлаў. Ён падзякаваў усім, хто аказаў садзейнічанне ў правядзенні свята, і нагадаў, што Купалаўскі ўніверсітэт – гэта прастора прадстаўнікоў розных культур, у кожнага з якіх ёсць магчымасць праявіць і рэалізаваць сябе.
Пасля ўрачыстых слоў госці пагрузіліся ў кітайскую культуру, поўную вытанчанасці і старажытных традыцый. Кожны жадаючы атрымаў магчымасць праверыць свае навыкі каліграфіі, узяўшы ў рукі пэндзаль і паспрабаваўшы напісаць іерогліф або ўласнае імя.
Не менш цікавым стаў майстар-клас па традыцыйным кітайскім відзе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – цзяньчжы. Пад чулым кіраўніцтвам купалаўцы спрабавалі выразаць з паперы традыцыйныя кітайскія знакі, якія прыносяць поспех і шчасце.
Таксама на пляцоўцы прайшоў майстар-клас па пляценні кітайскіх вузлоў. Звязваючы нітку ў мудрагелісты вузел, удзельнікі свята ўласнымі рукамі плялі для сябе талісман удачы.
Апроч майстар-класаў, для ўсіх прысутных з творчым нумарам выступілі навучэнцы Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, маляўніча праілюстраваўшы легенду ўзнікнення свята.
Таксама ў рамках мерапрыемства прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсаў «Кітайскі ліхтарык» і «Сімвал года-2026». Створаныя рукамі ўдзельнікаў традыцыйныя ліхтарыкі і яркія вогненныя коні – сімвал года – красаваліся на выставе.
Фіналам святкавання Кітайскага Новага года стаў урачысты канцэрт. На пачатку канцэрта перад гледачамі з прывітальным словам выступіла рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна падкрэсліла, што галоўнае багацце ўніверсітэта - гэта не матэрыяльныя каштоўнасці, а чалавечыя адносіны і міжкультурныя камунікацыі.
– Сёння дзякуючы таму, што ў Купалаўскім універсітэце з дзвюх з паловай тысяч студэнтаў больш за пяцьсот – гэта студэнты з Кітайскай Народнай Рэспублікі, мы маем выдатную, унікальную магчымасць яшчэ раз адсвяткаваць Новы год, – адзначыла рэктар.
Ірына Фёдараўна звярнула ўвагу, што Новы год - гэта сямейнае свята. І нават калі замежныя студэнты святкуюць яго ўдалечыні ад дома, сям'ёй для іх становіцца Купалаўскі ўніверсітэт. У канцы сваёй прамовы рэктар шчыра павіншавала ўсіх прысутных са святам і пажадала ім моцнага здароўя, творчасці, верыць у сябе, а таксама выяўляць, раскрываць і рэалізоўваць свой патэнцыял ва ўніверсітэце.
Студэнты і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы падарылі гледачам незабыўныя ўражанні і яркія эмоцыі. Яны прадэманстравалі ігру на музычных інструментах, выканалі песні, элегантныя танцавальныя нумары і захапляльныя дух навыкі баявых мастацтваў. Кожнае выступленне ва ўсёй красе адлюстроўвала кітайскую культуру і зачароўвала гледачоў.
Кітайскі Новы год у Купалаўскім універсітэце – гэта даўно ўжо не проста мерапрыемства, а сапраўдная традыцыя, якая з кожным годам аб'ядноўвае ўсё больш купалаўцаў і служыць данінай павагі багатай культуры Паднябеснай.