З 27 на 28 лютага начны клуб «База» стаў эпіцэнтрам студэнцкага жыцця Гродна. Традыцыйная вечарынка «Ноч Alma mater», прысвечаная 86-годдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, аб'яднала сотні студэнтаў.
Арганізатарамі свята выступілі прафсаюзны камітэт навучэнцаў, студэнцкая рада ўніверсітэта і каманда БРСМ Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Святочная праграма пачалася з конкурсаў, якія з першых хвілін задалі тон вечара. Купалаўцы выконвалі заданні, праяўлялі знаходлівасць і камандны дух. Таксама на працягу ўсёй ночы працавала спецыяльная фотазона, дзе кожны мог зрабіць здымак на памяць.
«Ноч Аlma mater» наведала рэктар Ірына Кітурка ў незвычайным уборы – майцы з надпісам «GRSU мама». Па традыцыі Ірына Фёдараўна ўручыла кавалачкі торта самым лепшым. У гэтым годзе першымі смак свята адчулі Кацярына Сіроцкая, пераможца конкурсу «Студэнт года Рэспублікі Беларусь – 2025» і Карына Місцюк, якая заняла другое месца ў асноўным маладзёжным конкурсе.
«Ноч Alma mater» у чарговы раз даказала, што Купалаўскі ўніверсітэт – гэта не проста навучальная ўстанова, гэта месца, дзе кожны адчувае сябе часткай вялікай і дружнай сям'і.