З 20 па 22 мая Мінск стаў цэнтрам прыцягнення для навуковай моладзі: тут адбыўся V Рэспубліканскі форум маладых вучоных устаноў вышэйшай адукацыі з міжнародным удзелам.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы прадстаўляе дэлегацыя з чатырох чалавек: Барыс Балахонаў, дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу, старшыня Савета маладых вучоных універсітэта; Аляксандр Хаванскі, дацэнт цыкла ваенна-спецыяльных дысцыплін агульнавайсковай кафедры; Іван Ярмак, выкладчык кафедры сучасных тэхналогій праграмавання; Дыяна Калеснік, выкладчык кафедры замежных моў.
Праграма форуму насычана як навуковымі, так і патрыятычнымі мерапрыемствамі. 21 мая купалаўцы прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да абеліска «Мінск – горад-герой», наведалі Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і прынялі ўдзел у пленарным пасяджэнні. Важнай часткай дня стаў навуковы нетворкінг і пасяджэнне Савета маладых вучоных пры Міністэрстве адукацыі.
У ходзе работы форуму Барысу Балахонаву была ўручана Падзяка Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагарода прысуджана за значны асабісты ўклад у развіццё Савета маладых вучоных, а таксама за актыўную работу па папулярызацыі навукі і інавацыйнай дзейнасці сярод моладзі.
Сёння, 22 мая, работа форуму прадоўжылася ў рамках міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Маладыя даследнікі працавалі ў пяці тэматычных секцыях. Кульмінацыяй дня стане сустрэча ўдзельнікаў форуму з Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэем Іванцом, дзе маладыя вучоныя змогуць задаць актуальныя пытанні і абмеркаваць перспектывы развіцця навукі ў краіне.