З 24 па 26 красавіка ў горадзе Шэньчжэнь (Кітайская Народная Рэспубліка) прайшоў Інжынерны кангрэс краін БРІКС. Купалаўскі ўніверсітэт прадстаўляў дацэнт кафедры матэрыялазнаўства і рэсурсазберагальных тэхналогій Аляксандр Антонаў. Кангрэс сабраў больш за 200 прадстаўнікоў інжынерных арганізацый, універсітэтаў, акадэмічных колаў і дзяржаўных структур з краін БРІКС і партнёраў, такіх як Бразілія, Расія, Паўднёвая Афрыка, Егіпет, ААЭ, Эфіопія, Малайзія, Тайланд, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Уганда.
Адной з ключавых тэм мерапрыемства стала стварэнне Федэрацыі інжынерных арганізацый краін БРІКС (FEIBRICS). У ходзе абмеркаванняў разглядаліся статут, структура, мэты і задачы Федэрацыі, а таксама пытанні, якія датычацца развіцця інжынернай адукацыі, кваліфікацыйных стандартаў, мабільнасці інжынерных кадраў, бесперапыннай адукацыі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы стаў адной з арганізацый-заснавальніц новай Федэрацыі.
Адным з асноўных вынікаў кангрэса стала падпісанне Ініцыятывы па стварэнні Федэрацыі інжынерных арганізацый краін БРІКС (FEIBRICS) і Мемарандума аб стварэнні Цэнтра развіцця кампетэнцый інжынераў БРІКС у Харбіне (КНР). Таксама быў адкрыты доступ да рэсурсаў бесперапыннага прафесійнага развіцця ад Кітайскага таварыства інжынераў для краін БРІКС. Гэтыя ініцыятывы накіраваны на ўмацаванне супрацоўніцтва і кансалідацыю намаганняў у галіне інжынернай адукацыі і практыкі.
На цырымоніі закрыцця была прынята Шэньчжэньская дэкларацыя, згодна з якой інжынерныя арганізацыі краін БРІКС і краін-партнёраў абавязаліся стварыць эфектыўны механізм супрацоўніцтва.
Фінальнымі мерапрыемствамі кангрэса сталі наведванні вядучых прадпрыемстваў Шэньчжэня, уключаючы кампанію па вытворчасці электрамабіляў BYD і мост Ганконг-Чжухай-Мака. Майстар-класы ад экспертаў у галіне інжынерыі далі унікальную магчымасць азнаёміцца з перадавымі дасягненнямі ў інтэлектуальнай вытворчасці і інавацыйных тэхналогіях.
Удзельнікі кангрэса ўпэўнены, што гэтае мерапрыемства адкрые новыя гарызонты для ўзаемадзеяння ў інжынернай сферы, уключаючы ўзаемнае прызнанне стандартаў і абмен кадравым патэнцыялам сярод маладых інжынераў.
Даведачна: арганізатарамі кангрэса выступілі Кітайскае таварыства інжынераў з удзелам Харбінскага політэхнічнага ўніверсітэта, Асацыяцыі навукі і тэхналогій правінцыі Гуандун, Асацыяцыі навукі і тэхналогій правінцыі Хэйлунцзян, Расійскага Саюза навуковых і інжынерных грамадскіх аб'яднанняў і Бразільскай асацыяцыі інжынераў.