Сліжэўскі Алег Леанідавіч

Сліжэўскі Алег Леанідавіч - Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
У 1998 г. з адзнакай скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «правазнаўства». У 1999 годзе скончыў магістратуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы, у 2005 годзе - аспірантуру Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.У 2012 годзе скончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «дзяржаўнае і мясцовае кіраванне».
Працоўную дзейнасць пачаў на Гродзенскім заводзе «Радыёпрыбор». Са снежня 1996 г. па сакавік 1999 г. - судовы выканаўца суда Кастрычніцкага раёна г. Гродна. З сакавіка 1999 г. па лістапад 2002 г.- галоўны спецыяліст, намеснік начальніка аддзела арганізацыйнага забеспячэння дзейнасці судоў кіравання юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама. З лістапада 2002 года па верасень 2010 года - намеснік начальніка ўпраўлення грамадскіх аб'яднанняў - начальнік аддзела палітычных партый і прафсаюзаў упраўлення грамадскіх аб'яднанняў, начальнік упраўлення грамадскіх аб’яднанняў Міністэрства юстыцыі. З верасня 2010 па 13 снежня 2011 года - Старшыня Рэспубліканскага працоўнага арбітража. У снежні 2011 года прызначаны Міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Сянько Юрый Аляксеевiч

Сянько Юрый Аляксеевіч - старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўны саветнік мытнай службы III рангу. У 1992 г. скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы па спецыяльнасці «Правазнаўства», Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2006 г.). У мытных органах - з чэрвеня 1991 г. Прайшоў шлях ад інспектара да начальніка Гродзенскай рэгіянальнай мытні. З 2002 па 2011 гг. - начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні. У красавіку 2011 г. быў прызначаны на пасаду начальніка Мінскай рэгіянальнай мытні. З лістапада 2014г. - Старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Маскевiч Сяргей Аляксандравiч

Сяргей Аляксандравіч Маскевіч - дырэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава.
У 1974 годзе скончыў Гродзенскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «Фізіка». Вучыўся ў аспірантуры Інстытута біяхіміі АН БССР. У 1983 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках, працаваў на кафедры агульнай і тэарэтычнай фізікі. У 1995 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках; у тым жа годзе стаў прарэктарам ГрДУ па навуковай працы. У 1997-2005 гадах быў рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Аўтар больш за 250 навуковых прац па фізіцы малекул і менеджменту ў адукацыі.
Дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 23-га і 24-га скліканняў. З 2005 года - дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе ўзначаліў пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. З 29 снежня 2010 па 27 снежня 2014 года быў Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь. 3 верасня 2015 года Сяргей Маскевіч ўзначаліў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут ім. А.Д.Сахарава, які ўвайшоў у склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Кароль Андрэй Дзмітрыевіч

Кароль Андрэй Дзмітрыевіч - рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Нарадзіўся ў 1972 годзе ў г. Гродна. У 1995 годзе скончыў інжынерны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы па спецыяльнасці «Радыёфізіка і электроніка». У 2002 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 2009 годзе дысертацыю ў Расійскай акадэміі адукацыі на атрыманне вучонай ступені доктара педагагічных навук. У 2010 годзе прысвоена вучоная ступень ВАК Расіі і праведзена Настрыфікацыя дыплома доктара педагагічных навук ВАК Беларусі.
З 1999 па 2000 гг. выкладаў на кафедры фізіка-матэматычных дысцыплін і эканамічнай інфарматыкі Гродзенскага філіяла Інстытута сучасных ведаў.
C 2000 года пачынаецца працоўная дзейнасць у Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Тут А.Д. Кароль прайшоў шлях ад старэйшага выкладчыка да кіраўніка аддзела адукацыйных інфармацыйных тэхналогій і навукова-медыцынскай інфармацыі і загадчыка кафедры псіхалогіі і педагогікі. З 2010 па 2013 гг. чытаў лекцыі ў Мінскай духоўнай акадэміі (г.п. Жыровічы). З верасня 2012 года па люты 2013 гг. А.Д. Кароль узначальваў кафедру педагогікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы. З 1 сакавіка 2013 г па 28 верасня 2017 году - рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы. 28 верасня 2017 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Д. Кароль прызначаны рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Неўгень Яўген Дзмітрыевіч

Неўгень Яўген Дзмітрыевіч - выпускнік факультэта матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, кіраўнік беларускага стартапа Masquerade. Яўген Неўгень уключаны ў прэстыжны рэйтынг інавацыйных лідараў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы - 2016 NewEurope 100 (лістапад 2016).
Яўген разам з Сяргеем Ганчаром і Яўгенам Зацяпякінам стварылі вірусны мабільны дадатак MSQRD, які вясной 2016 года купіў Facebook. У актыве нашага выпускніка - запуск яшчэ аднаго паспяховага ІТ-праекта - сэрвісу для павелічэння канверсіі мабільных дадаткаў. У праекце «30 under 30» амерыканскі часопіс Forbes (студзень 2017) прадставіў 30 маладых прадпрымальнікаў, інаватараў і трэндсетараў у 20 катэгорыях. Сярод лепшых у «Спажывецкіх тэхналогіях» названы выпускнікі гродзенскага ўніверсітэта Яўген і яго калега - Сяргей Ганчар.