
Сёння, 13 жніўня, удзельнікі Летняй школы “Пад светлым іменем Купалы” адправіліся ў вандроўку па Гродзенскай вобласці, каб глыбей пагрузіцца ў беларускую культуру. Яны наведалі каталіцкі храм у аграгарадку Тракелі Воранаўскага раёна, турыстычны комплекс “Вольны Мельнік” і сельскую бібліятэку з яе ўнікальным “кантактным” этнаграфічным пакоем-музеем у Доме культуры ў аграгарадку Дворышча Лідскага раёна, а таксама Каталіцкі храм Святога Казіміра ў аграгарадку Уселюб.
Першым прыпынкам стаў Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў аграгарадку Тракелі, які з’яўляецца помнікам архітэктуры і драўлянага дойлідства пачатку 19-га стагоддзя. Падчас экскурсіі ўдзельнікі Летняй школы даведаліся пра гісторыю касцёла, а таксама пра галоўную яго каштоўнасць – абраз Маці Божай Тракельскай.
Пасля вандроўцы накіраваліся ў турыстычны комплекс “Вольны Мельнік”, што размешчаны на месцы старадаўняга фальварка, на тэрыторыі якога захаваўся старажытны каменны вадзяны млын. Гуляючы па маляўнічай тэрыторыі комплексу, слухаючы пра жыццё таго часу і разглядаючы экспанаты, экскурсанты змаглі пагрузіцца ў часы сярэдневяковай Беларусі.
Наступным прыпынкам стаў аграгарадок Уселюб на Навагрудчыне, дзе знаходзіцца Касцёл Святога Казіміра, найстаражытнейшы беларускі каталіцкі храм, які спалучае ў сабе беларускія і заходнееўрапейскія архітэктурныя традыцыі. Там жа ўдзельнікі Летняй школы беларускай мовы і культуры з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у майстар-класе па выпечцы хлеба. Гасцям раскрылі ўсе сакрэты працэсу: як правільна замешваць цеста, якія інгрэдыенты выкарыстоўваць і колькі часу патрабуецца для дасягнення ідэальнага выніку. Майстар-клас стаў выдатнай магчымасцю не толькі авалодаць рамяством, але і паглыбіць веды аб беларускіх традыцыях.
Такія мерапрыемствы, безумоўна, не толькі пашыраюць кругагляд замежных гасцей, але і выклікаюць жывую зацікаўленаць да беларускай мовы, гісторыі і культуры.