Гісторыя фарміравання Гісторыю фарміравання навуковай школы немагчыма разледзець без гісторыі гістарычнага факультэта, якая пачалася с яго заснавання ў 1954 г. у Гродзенскім педагагічным інстытуте з мэтай падрыхтоўкі настаўнікаў гісторыі для сярэдніх школ, які з часам стаў буйным цэнтрам развіцця гістарычнай навукі Беларусі. Больш за семдзесят гадоў тут вядзецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных кадраў настаўнікаў і вучоных, якія нясуць людзям святло гістарычнай навукі, даследуюць багатую і самабытную гісторыю беларускага народа. На мяжы ХХ–ХХІ стст. факультэт атрымаў прызнанне як цэнтр гродзенскай школы гісторыкаў – адной з мацнейшых у Беларусі. Першыя пасляваенныя гады паказалі значны навуковы патэнцыял факультэта і кафедр, якія на момант свайго стварэння мелі толькі двух кандыдатаў навук (І. М. Малюкевіч і Б.М. Фіх). У 1955 г. на кафедры стаў працаваць кандыдат гістарычных навук Я.Н. Мараш. Першае пакаленне выкладчыкаў і вучоных задало тон і напрамак навукова-даследчай дзейнасці факультэта. На працягу 1954–1956 г. былі вызначаны на дзесяцігоддзі напрамкі навуковых даследаванняў выкладчыкаў і студэнтаў факультэта. Па-першае, гэта гісторыя Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага, у тым ліку канфесійная гісторыя Беларусі і Літвы XVI ст., якая з’яўлялася сферай навуковых інтарэсаў Я.Н. Мараша і яго вучняў, а таксама кандыдата гістарычных навук І.М. Малюкевіча. Аднак у 1990-я гг. – пачатак ХХІ ст. на факультэце фактычна адбыўся адыход ад даследавання гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Асноўным накірункам навуковых даследаванняў, галоўным чынам, сталі падзеі і працэсы ХІХ – пачатку ХХІ стст. Другім навуковым прыярытэтам факультэта і кафедры гісторыі БССР з’яўлялася гісторыка-рэвалюцыйная тэматыка, вызваленчая барацьба і гісторыя сацыялістычнага будаўніцтва ў БССР, дзейнасць палітычных партый і арганізацый у Беларусі. На змест і характар навуковых даследаванняў уплывала пануючая ў СССР марксісцка-ленінская ідэалогія і агульныя напрамкі навуковых даследаванняў савецкай гістарыяграфіі. У даследаванні гэтых праблем значны ўклад унеслі Б.М. Фіх, У.А. Нядзелька, І.І. Коўкель, І.П. Крэнь і інш. З пачаткам перабудовы ў Савецкім Саюзе беларуская гістарычная навука лагічна адышла ад гэтага даследчыцкага поля. Трэці напрамак навуковых даследаванняў пачаўся з сярэдзіны 1950-х гг. і паспяхова распрацоўваецца да нашага часу. Гэта – гістарычнае краязнаўства, якое з часам стала візітнай карткай факультэта. У 1955 г. калектыў кафедры распачаў шматгадовую пачэсную і патрыятычную працу над вывучэннем гісторыі горада Гродна. Яна была арыентавана на патрэбы рэгіёна. Яе вынікам стала кніга “Гродна: Гістарычны нарыс” (Мінск: Беларусь, 1960). У 1964 г. выйшла другое, выпраўленае і дапоўненае выданне гэтай кнігі. Некалькі пакаленняў студэнтаў, экскурсаводаў, краязнаўцаў вывучалі гісторыю Гродна менавіта па гэтых кнігах, яе не мог абмінуць увагай ніводзін даследчык-урбаніст. Першыя навукоўцы факультэта шмат зрабілі дзеля таго, каб гродзенцы ведалі гісторыю свайго краю і ёю ганарыліся. Чацвёрты даследчы прыярытэт факультэцкіх вучоных выразна акрэсліўся ўжо ў два першыя навучальныя гады – навукова-метадычныя праблемы выкладання гісторыі. З 1980 – 1990-х гг. гэты прыярытэт узняўся на факультэце на новы ўзровень. За гэты час было падрыхтавана шмат вучэбна-метадычнай літаратуры па розных гістарычных дысцыплінах. З сярэдзіны 1960-х гг. на факультэце фарміруецца навуковая гістарычная школа, лідарам якой быў Б.М. Фіх. У 1966 г. ён абараніў доктарскую дысертацыю “Аграрная рэвалюцыя ў Беларусі (1917–1920 гг.)”, а ў 1967 годзе атрымаў вучонае званне прафесара. Ён пакінуў пасля сябе параўнальна невялікую навуковую спадчыну: каля сямідзесяці артыкулаў і 4 кнігі, у тым ліку фундаментальную манаграфію “Аграрная рэвалюцыя на Беларусі” (Мінск, 1966). Асноўныя палажэнні і высновы манаграфіі грунтуюцца на вялікім факталагічным матэрыяле, які аўтар сабраў у розных архівах БССР. У 1960–1980-я гг. актыўна працягваў навуковую дзейнасць Якаў Навумавіч Мараш. Яму належыць каля 500 навуковых артыкулаў, больш за 50 брашур, больш за 20 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў. Кола навуковых інтарэсаў вучонага было шырокім: методыка выкладання гісторыі, гістарычнае краязнаўства Гродзеншчыны. Але найбольшую цікавасць выклікала гісторыя каталіцкай царквы на Беларусі ў XVI–XVIII ст. і гісторыя рэлігійна-філасофскага вальнадумства ў Беларусі. У 1973 г. Я.Н. Мараш абараніў у БДУ доктарскую дысертацыю “Нарысы гісторыі экспансіі каталіцкай царквы ў Беларусі ў 1569–1795 г.” Сваімі манаграфіямі “Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви” (Минск, 1969), “Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569–1795)” (Минск, 1971), “Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в.” (Минск, 1974) – Я. Н. Мараш атрымаў у той час вядомасць ў БССР, СССР і за іх межамі як даследчык гісторыі каталіцкай царквы на Беларусі ў XVI – XVIII ст. І хаця гэтыя кнігі нясуць на сабе адбітак тагачасных ідэалагічных схем, але яны даюць багаты факталагічны матэрыял і аўтарскую трактоўку працэсу фарміравання і ўмацавання на Беларусі рымска-каталіцкай царквы, яе ўплыў на сацыяльна-культурныя і этнічныя працэсы. Нягледзячы на змену ў канцы ХХ ст. канцэптуальных падыходаў да трактоўкі гісторыі розных культавых інстытутаў Беларусі, працы Я.Н. Мараша і сёння з’яўляюцца класікай беларускай савецкай гістарыяграфіі ў галіне канфесійнай тэматыкі. З канца 1970-х – у першай палове 1980-х гг. прафесар Я.Н. Мараш стварыў на гістарычным факультэце навуковую школу даследавання кафесійнай гісторыі Беларусі. У 1979 г. яго аспіранткі Т.Б. Блінова і Н.У. Паўлючэнка абаранілі кандыдацкія дысертацыі па канфесійнай праблематыцы. У хуткім часе дацэнт Т.Б. Блінова стала вядомай у навуковых колах на постсавецкай прасторы і за мяжой як выдатны беларускі даследчык дзейнасці ордэна езуітаў на Беларусі. Н.У. Паўлючэнка даследавала гісторыю праваслаўнай царквы Беларусі ў пачатку ХХ ст. Са стварэннем у 1981 г. кафедры гісторыі БССР, якую ўзначаліў прафесар Я.Н. Мараш, гісторыка-канфесійная праблематыка стала адным з яе галоўных навуковых прыярытэтаў. З’явіліся новыя накірункі канфесійных даследаванняў. У першай палове 1980-х г. распрацоўвалі гісторыю уніяцкай (грэка-каталіцкай) царквы Беларусі і абаранілі кандыдацкія дысертацыі С.В. Палуцкая (Марозава) (па праблемах уніяцтва), І.А. Фёдараў (па праблемах неауніі ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 гг.). Гісторыка-канфесійную праблематыку на факультэце распрацоўвалі В.М. Чарапіца (праваслаўе на Гродзеншчыне), Э.С. Ярмусік (Каталіцкі касцёл ў ХХ–ХХI стст.), С.У. Сілава (Праваслаўная царква ў Беларусі ў гады Другой сусветнай вайны), А.М. Загідулін (канфесійная палітыка польскіх уладаў у міжваенны перыяд), В.М. Лінкевіч (Праваслаўная царква на беларускіх землях у часы Расійскай імперыі). Актуальныя праблемы гісторыі міжваеннай Польшчы і Заходняй Беларусі даследавалі А.П. Аўчыннікаў, І.Ф. Дзяжко, М.В. Васілючак, І.Я. Мараш, Т.А. Лугачова і інш. Заходнебеларуская праблематыка стала традыцыйным напрамкам навуковых даследаванняў на факультэце. Яе распрацоўку ажыццяўлялі маладыя выкладчыкі А.М. Загідулін, А.К. Гецэвіч, А.І. Борка і інш. Даследваннем беларускага нацянальнага руху ў першай чвэрці ХХ ст. займаўся І.І. Коўкель. Гісторыка-партыйная тэматыка, якая ў 1950-я – 1980-я г. зводзілася да даследавання гісторыі КПСС і КПБ і якой шмат навуковых сіл аддалі гісторыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, з роспускам КПСС у пачатку 1990-х гг. трансфармавалася ў вывучэнне гісторыі палітычных партый і грамадскіх рухаў на Беларусі ў ХІХ–ХХ ст. Бясспрэчным лідэрам у гэтым новым напрамку з’яўляўся прафесар І.І. Коўкель, які сфарміраваў сваю навуковую школу даследавання гісторыі палітычных партый і грамадскіх рухаў на Беларусі ў пачатку ХІХ – першай трэці ХХ ст. Яе прадстаўнікамі з’яўляліся В.В. Калюта, І.Р. Кулевіч, А.К. Гецэвіч, А.І. Борка. Ролю інтэлігенцыі ў Вялікай Айчыннай вайне, садружнасць народаў СССР, акупацыйны рэжым на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўздымалі ў сваіх даследваннях П.М. Кобрынец, У.А. Нядзелька, М.Я. Калацэй і інш. У 1980-я г. на першы план выйшла краязнаўчая тэматыка, звязаная з даследаваннем гісторыі гарадоў і сёл Гродзеншчыны, што было абумоўлена рэалізацыяй беларускімі навукоўцамі-гуманітарыямі праграмы напісання гісторыі ўсіх населеных пунктаў Беларусі. Значны ўклад у выкананне гэтай праграмы ўнеслі факультэцкія даследчыкі Я.Н. Мараш, І.І. Коўкель, І.П. Крэнь, М.В. Васілючак, Э.С. Ярмусік. І.В. Соркіна і інш. У 1990-я гг. – пач. ХХ ст. на кафедры гісторыі Беларусі аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам прафесара І.П. Крэня былі падрыхтаваны шэраг гісторыка-дакументальных хронік “Памяць” па г. Гродна і раённых цэнтрах Гродзеншчыны. У іх знайшла адлюстраванне і канфесійная тэматыка. Былі правязенны серыі канферэнцый краязнаўчага характару, выдадзены іх матэрыялы. Універсітэцкія гісторыкі працавалі і ў складзе творчых калектываў рэспубліканскіх навуковых праектаў, якія курыравалі акадэмічныя інстытуты: прафесар Я.Н. Мараш удзельнічаў у падрыхтоўцы трохтомнай “Гісторыя сялянства Беларусі”, дацэнт М.А. Ткачоў – трохтомніка “Беларускі феадальны горад”, прафесары І.П. Крэнь, С.В. Марозава, В.М. Чарапіца – шасцітомнай “Гісторыі Беларусі” і інш. З 1990-х гг. на факультэце паспяхова распрацоўваліся праблемы беларускай (Д.У. Караў), расійскай (А.М. Нечухрын), польскай (Т.Т. Кручкоўскі) гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі (кіраўнік навуковай школы прафесар А.М. Нечухрын). Гэтая тэматыка знаходзіла працяг у навуковай дзейнасці аспірантаў і выкладчыкаў кафедры ўсеагульнай гісторыі. Спектр навуковых праблем, распрацоўваемых на факультэце, не абмяжоўваецца вышэй названымі. Традыцыю вывучэння ВКЛ працягнула І.Ф. Кітурка, якая даследуе сацыяльна-эканамічную гісторыю Беларусі другой паловы XVIII ст.; С.Я. Сяльверстава і В.В. Швед – спецыялісты па гісторыі Беларусі канца XVIII – пачатку ХХ стст. Пры гэтым С.Я. Сяльверстава займалася пытаннямі гісторыі культуры, В.В. Швед – палітычнай гісторыяй Беларусі. Грамадска-палітычную гісторыю Беларусі ХХ – пачатку ХХІ стст. даследаваў У.Я. Ягорычаў. Ваеннай гісторыяй Беларусі, у тым ліку абаронным будаўніцтвам, займаецца С.А. Піваварчык. Гісторыю Каталіцкага касцёла на Беларусі ў ХХ–ХХI стст. паспяхова даследуе Э.С. Ярмусік. Плённай навуковай дзейнасцю займаўся загадчык кафедры гісторыі славянскіх дзяржаў прафесар Валерый Мікалаевіч Чарапіца. На працягу некалькіх дзесяткаў гадоў ён вывучаў руска-беларуска-польскія адносіны ў грамадска-культурнай сферы. У выніку з’явіліся манаграфіі “Связи революционеров Беларуси и Польши в 70–80-е гг. ХІХ в” (1985), “Истоки” (1991), “Польское национальное движение в Беларуси (последняя треть ХІХ в.)” (1996). Руска-беларускія ўзаемаадносіны ў сферы культуры асвятляюцца ў манаграфіях “Преодоление времени” (1996), “Деятели русской культуры ХІХ – начала ХХ в. и Гродненщина” (1997) і інш. Вучоны плённа працуе над гістарыяграфічнымі праблемамі, аб чым сведчаць манаграфіі “Са скарбніц кніжных паліц” (1994), “М.О. Коялович. История жизни и творчества” (1998) і інш. У пачатку ХХI ст. выйшлі ў свет падрыхтаваныя В.М. Чарапіцай манаграфіі па гісторыі праваслаўя: “Очерки истории Православной Церкви на Гродненщине (с древнейших времён до наших дней)” у 2-х ч. (2000, 2003), “Православный некрополь” (2001), “Западнобелорусские последователи религиозно-философского учения Л.Н. Толстого” (2006) і інш. Значным укладам у распрацоўку ваеннай гісторыі Гродзеншчыны сталі два выданні яго кнігі “Город-крепость Гродно в годы Первой мировой войны” (2006, 2009). На факультэце у пачатку ХХI ст. распрацоўвалася 21 навукова-даследчая тэма, у тым ліку ў рамках навуковай школы: “Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа (канец Х – пачатак ХХ ст.)”, “Рэлігійны фактар у нацыянальным, дзяржаўным, сацыякультурным і грамадскім развіцці заходняга рэгіёну Беларусі”, “Канфесійны фактар у сацыякультурным развіццi і паўсядзённым жыццi Беларусi (канец Х – пачатак ХХI ст.), у святле найноўшых тэарэтыка-метадалагiчных падыходаў”, “Дынаміка этнакультурных працэсаў на беларуска-польска-літоўскім памежжы ў 2010–2020-я гг.” і інш. У цяперашні час (2020-я гады) навукова-педагагічная канфесійная школа гісторыі Беларусі перажывае складаны перыяд. Значна зменшыўся яе прафесійны склад, што прывяло да скарачэння напрамкаў канфесійных даследаванняў. Па шэрагу прычын адсутнічае прыток маладых кадраў навукоўцаў. Разам з тым, этнаканфесійная праблематыка прадаўжае заставацца адным з важных напрамкаў вывучэння айчыннай гісторыі. На сённяшні дзень у гэтай галіне праводзяць даследаванні Э.С. Ярмусік (гісторыя Каталіцкага касцёла Беларусі ў найноўшы час), А.С. Горны (Праваслаўная царква на Гродзеншчыне), Ю.У. Кейко (праваслаўнае храмабудаўніцтва ў беларускіх губерніях у 2-й палове ХІХ ст.), Н.Л. Улейчык (этнаканфесіныя працэсы на Гродзеншчыне ў найноўшы час). У 2023 годзе Ю.У. Кейко абараніла кандыдацкую дысертацыю “Становление православного храмового строительства в белорусских губерниях в 1858–1890 гг,” па спецыяльнасці 07.00.02 – айчынная гісторыя (навуковы кіраўнік В.А. Белазаровіч). Канфесійную тэматыку даследуе аспірант А.М. Доўнар (тэма кандыдацкай дысертацыі “Культурно-просветительская деятельность Православной и Католической церкви в Беларуси в 1990 – начало 2000-х гг.”, навуковы кіраўнік Э.С. Ярмусік). Канфесійныя праблемы даследуюцца некаторымі студэнтамі – гісторыкамі. Развіваецца супрацоўніцтва з Гродзенскай праваслаўнай епархіяй, са Свята-Філарэтаўскім інстытутам (г. Масква). 24 – 25 лістапада 2025 г. у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы сумесна з Гродзенскай епархіяй БПЦ і Свята-Філарэтаўскім універсітэтам адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Конфессиональная история Беларуси и России 1920–30 гг.: наследие святителя Тихона (Беллавина)”. Канфесійная школа гісторыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта прадаўжае дзейнічаць. Змяніўся накірунак яе дзейнасці – гісторыкі, якія ў ёй аб’яднаны, займаюцца вывучэннем не толькі канфесійных, але і этнанацыянальных праблем гісторыі Беларусі найноўшага часу. Новае маладое пакаленне гродзенскіх прадстаўнікоў навукова-педагагічнай школы таксама працягвае займацца канфесійнымі праблемамі. Адным я якіх з’яўляецца Малееў Мікалай Генадзьевіч, аспірант ГрДУ імя Янкі Купалы, магістр багасловія і гістарычных навук. Сфера навуковых інтарэсаў: этнаканфесійная палітыка Расійскай імперыі ў заходніх губернях у XIX – пачатку XX ст.; дзейнасць інстытута папячыцельства на беларускіх землях у XIX – пачатку XX ст.; жыццё і дзейнасць архіепіскапа Міхаіла Галубовіча. Выконвае кандыдацкае дысертацыйнае даследаванне “Станаўленне і развіццё інстытута папячыцельства на беларускіх землях у XIХ – пачатку XX ст.”. Культурна-асветніцкую дзейнасць Праваслаўнай і Рымска-каталіцкай царквы ў 1990 – пачатку 2000-х гадах даследуе аспірант ГрДУ імя Янкі Купалы Доўнар Антон Міхайлавіч у межах кандыдатскага дысертацыйнага даследавання, якое выконваецца пад навуковым кіраўніцтвам Э.С. Ярмусіка, доктара гістарычных навук, прафесара, прафесара кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін. - Круглы стол у абласной бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага з удзелам прадстаўнікоў канфесій «Хрысціянства і Халакост», 25 мая 2015 г.
- Круглы стол у абласной бібліятэцы імя Я.Ф. Карскага з удзелам прадстаўнікоў канфесій “Моладзь і рэлігія”, 3 красавіка 2018 г.
Асноўныя навуковыя напрамкі нацыянальныя меншасці Гродзенскага рэгіёна: палякі, яўрэі, татары, іх гістарычная і рэлігійная ідэнтычнасць, традыцыі і культура; Каталіцызм–Праваслаўе: практыкі суіснавання, канфліктаў і сінкрэтызму. Склад навукова-педагагічнай школы Ярмусік Эдмунд Станіслававіч (доктар гістарычных навук, прафесар) Горны Аляксандр Сяргеевіч (кандыдат гістарычных навук, дацэнт) Кейко Юлія Уладзіміраўна (кандыдат гістарычных навук) Малееў Мікалай Генадзьевіч (аспірант) Мялешка Алена Іванаўна (кандыдат гістарычных навук) Улейчык Наталля Леанідаўна (кандыдат гістарычных навук, дацэнт) Чарапіца Валерый Мікалаевіч (кандыдат гістарычных навук, прафесар) Доўнар Антон Міхайлавіч (аспірант) Выкананне дзяржаўных навуковых праграм і праектаў Дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» навукова-даследчая работа «Рэлігійны фактар у нацыянальным, дзяржаўным, сацыякультурным і грамадскім развіцці заходняга рэгіёну Беларусі», № дзярж. рэгістрацыі 20162369 (тэрмін выканання 2016–2018); Дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» навукова-даследчая работа «Канфесійны фактар у сацыякультурным развіццi і паўсядзённым жыццi Беларусi (канец Х – пачатак ХХI ст.), у святле найноўшых тэарэтыка-метадалагiчных падыходаў», № дзярж. рэгістрацыі 20212454 (тэрмін выканання 2021–2025); Дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў «Грамадства і гуманітарная бяспека беларускай дзяржавы» навукова-даследчая работа «Дынаміка этнакультурных працэсаў на беларуска-польска-літоўскім памежжы ў 2010–2020-я гг.» № дзярж. рэгістрацыі 20212151 (тэрмін выканання 2021–2025 гг.). Штогадовыя міжнародныя канферэнцыі Навуковыя сувязі з айчыннымі арганізацыямі і міжнароднай навуковай супольнасцю Асноўныя навуковыя публікацыі Рэгістрацыйная карта навукова-педагагічнай школы |