Толькі адзвінеў званок, які азначае пачатак навучальнага года, а выпускнікі ўжо могуць будаваць планы падрыхтоўкі да іспытаў. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь афіцыйна зацвердзіла форму і пералік выніковых іспытаў у 2025/2026 навучальным годзе для вучняў 9 і 11 класаў.
Выпускнікі 9-х класаў будуць здаваць іспыты ў перыяд з 1 па 10 чэрвеня. Іх чакаюць іспыты па чатырох прадметах: пераказ па беларускай і рускай мовах, кантрольная работа па матэматыцы і вусны экзамен па білетах па гісторыі Беларусі. Выпускнікі спецыяльных школ-інтэрнатаў будуць здаваць пераказ толькі па адной мове на выбар. Для тых, хто будзе здаваць у іншыя тэрміны, іспыты пройдуць з 17 па 24 жніўня.
Навучэнцаў 11-х класаў чакае два цэнтралізаваныя экзамены. 26 мая 2026 года ЦЭ пройдуць па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, замежнай мове (англійская, нямецкая, іспанская, французская, кітайская), геаграфіі, грамадазнаўстве або «Гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі» на выбар. Рэзервовы дзень прадугледжаны ў даты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні, іншыя тэрміны – 17 жніўня. 29 мая пройдзе цэнтралізаваны іспыт па беларускай ці рускай мове на выбар. Рэзервовы дзень таксама прадугледжаны ў дні правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовыя дні. Здаць ЦЭ у іншы тэрмін можна будзе 19 жніўня.
Упэўненая і паспяховая здача экзаменаў – пропуск ва ўніверсітэт. Каб падрыхтоўка была максімальна эфектыўнай, ГрДУ імя Янкі Купалы запрашае будучых абітурыентаў на падрыхтоўчыя курсы ў Цэнтр даўніверсітэцкай адукацыі.
Дарагія абітурыенты! Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і каледжы Купалаўскага ўніверсітэта чакаюць вас у ліку сваіх будучых студэнтаў.