Усяго ў скарбонцы ўзнагарод купалаўцаў сем дыпломаў першай ступені, сем другой і адзін - трэцяй.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў фіналу рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі «Арт-вакацыі - 2018» адбылася ў моладзевай сталіцы Беларусі Магілёве 26 мая.
«Увага ў нашай краіне да маладых талентаў, падтрымка моладзевых ініцыятыў з боку дзяржавы з'яўляюцца прыярытэтнымі ў працы з моладдзю, - падкрэсліў міністр адукацыі Ігар Карпенка. - У Беларусі створаны неабходныя ўмовы, каб дапамагчы юнакам і дзяўчатам знайсці правільную дарогу ў жыццё, рэалізаваць свае веды, набыць упэўненасць у сваіх сілах. Адным з такіх інструментаў з'яўляецца і фестываль «Арт-вакацыі», у якім толькі ў гэтым годзе «прынялі ўдзел больш за 13 тыс. чалавек». На думку міністра, прафесійная падрыхтоўка - гэта не толькі практыка-арыентаванасць, набор якіх-небудзь ведаў, гэта яшчэ і развіццё важных асобасных якасцяў, напрыклад, грамадзянскасці, патрыятызму, творчага мыслення. «І фестываль «Арт-вакацыі» фарміруе такія важныя светапоглядныя падыходы, творчыя навыкі, развівае іх, - адзначыў Ігар Карпенка. - Мы падтрымліваем выкладчыкаў і студэнтаў, якія займаюцца самаўдасканаленнем». Міністр цёпла павіншаваў моладзь з дасягнутымі поспехамі і ўручыў пераможцам і прызёрам заслужаныя ўзнагароды.
Гран-пры конкурсу «За шматгадовую дзейсную працу па выяўленні, падтрымцы і развіццю маладзёжных ініцыятыў, эфектыўную дзейнасць па папулярызацыі дасягненняў аматарскай творчасці сярод моладзі» ўдастоена начальнік аддзела культурна-масавай і дасугавай дзейнасці Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Стэльмах. Таксама гран-пры конкурсу ўдастоены Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, тэатр танца «Рэнесанс Данс» Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.
Лаўрэатам 1 ступені ў намінацыі «Актуальны тэатр» стаў «Народны» студэнцкі тэатр «Вернісаж», мастацкі кіраўнік Дзмітрый Арцыменя. У намінацыі «Ансамбль эстраднай песні» лепшым названы вакальны ансамбль «Уні-song», мастацкі кіраўнік Алена Стэльмах. Дыплом лаўрэата 1 ступені ў намінацыі «Ансамбль народнай песні» атрымаў «Народны» ансамбль народнай песні «Ясніца», мастацкі кіраўнік Таццяна Бейма, у намінацыі "Калектыў сучаснай харэаграфіі" - калектыў сучаснай харэаграфіі «Сту-dance», мастацкі кіраўнік Дыяна Духаніна. Лепшым «Вакальным гуртам акадэмічнага напрамку» названы вакальны гурт факультэта мастацтваў і дызайну, мастацкі кіраўнік Ганна Казімірчык. У намінацыі «Канферанс» перамогу святкавалі Раман Рамановіч, Віталь Гуско, мастацкі кіраўнік Дзмітрый Арцыменя, а таксама Маргарыта Рукша, Глеб Кадзенцоў, мастацкі кіраўнік Дарыя Дзідарава. У намінацыі «Меладэкламацыя» лаўрэатам 1 ступені стаў Яўген Смычкоўскі, мастацкі кіраўнік Дарыя Дзідарава.
Лаўрэатамі 2 ступені сталі: у намінацыі «Ансамбль эстраднага танца» - калектыў стылізаванага танца «Рэспубліка», мастацкі кіраўнік Таццяна Штэрмер, у намінацыі «Тэатр моды» - тэатр моды «Уні-АРТ», мастацкі кіраўнік Віялета Куроўская. Другое месца ў намінацыі «Калектыў сучаснага арыгінальнага жанру» заняў калектыў студэнтаў факультэта фізічнай культуры, мастацкі кіраўнік Іван Бялеўск. Аркестр рускіх народных інструментаў пад кіраўніцтвам Ганны Зайцавай стаў лаўрэатам 2 ступені ў намінацыі «Аркестр народных інструментаў», у намінацыі «Музычны тэатр» - студыя гутарковага жанру «Канферансье», мастацкі кіраўнік Дарыя Дзідарава, і тэатр моды «Уні-АРТ», мастацкі кіраўнік Віялета Куроўская. У намінацыі «Саліст-вакаліст акадэмічнага напрамку» другога месца ўдастоена Анастасія Радзевіч, мастацкі кіраўнік Ангеліна Белановіч, у намінацыі «Чытальнік» - Глеб Кадзенцоў, мастацкі кіраўнік Дарыя Дзідарава.
Лаўрэатам 3 ступені ў намінацыі «Ансамбль народнай песні» стаў вакальны ансамбль «Заранка», мастацкі кіраўнік Таццяна Бейма.
Яркім фінальным акордам фестывалю стаў гала-канцэрт, на якім выступілі лепшыя творчыя калектывы і выканаўцы ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, у тым ліку вакальны ансамбль «Уні-song» і калектыў сучаснай харэаграфіі «Сту-dance».
Уласн. інф. і па матэрыялах БелТА