30 кастрычніка чатыры каманды ГрДУ імя Янкі Купалы прынялі ўдзел у інтэлектуальнай гульні "Мікалаеўская эпоха". Мерапрыемства, арганізаванае Сыктыўкарскім лясным інстытутам, аб'яднала студэнтаў з Расіі і Беларусі.
Гульня праходзіла ў дыстанцыйным фармаце, сабраўшы 10 каманд з розных ВНУ дзвюх краін. Універсітэт імя Янкі Купалы быў прадстаўлены адразу чатырма камандамі: камандай юрыдычнага факультэта, камандай факультэта біялогіі і экалогіі, камандай інжынернага факультэта і зводнай камандай факультэта матэматыкі і інфарматыкі і фізіка-тэхнічнага факультэта.
Спаборніцтва праходзіла ў чатыры раўнды - "Размінка", "Чалавек у гісторыі", "Гісторыя ў чалавеку", "Эрмітажныя калекцыі". Удзельнікі павінны былі адказаць на пытанні, звязаныя з Мікалаем I, а таксама падзеямі, людзьмі, культурай першай паловы XIX стагоддзя, якія паўплывалі на далейшы ход гісторыі.
Варта адзначыць, што купалаўцы ўжо другі раз бяруць удзел у гэтай інтэлектуальнай гульні і яна выклікае ў іх выключна станоўчыя эмоцыі і пачуцці. Студэнты з вялікім задавальненнем плануюць узяць удзел у ёй у наступным годзе.