Супрацоўніцтва Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Педагагічнага ўніверсітэта Цылу набірае новыя абароты. Міністэрства адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі афіцыйна адобрыла стварэнне Сумеснага інстытута інтэлектуальных навук і інжынерыі двух ВНУ. Навучальная ўстанова пачне працаваць у верасні 2026 года.
Сумесная праца з Педагагічным універсітэтам Цылу пачалася з праектавання сумеснай адукацыйнай праграмы бакалаўрыяту па спецыяльнасці «Біялогія» па схеме 4+0 у 2023 годзе. Пагадненне аб яе рэалізацыі для падрыхтоўкі бакалаўраў паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Педагагічным універсітэтам Цылу горада Цзінань было падпісана ў 2024 годзе. На гэты момант па гэтай праграме на тэрыторыі КНР вучацца 108 кітайскіх студэнтаў.
У 2025 годзе ад кітайскага боку паступіла прапанова аб стварэнні сумеснага інстытута. Факультэт матэматыкі і інфарматыкі, факультэт біялогіі і экалогіі, а таксама Цэнтр інтэрнацыяналізацыі адукацыі Купалаўскага ўніверсітэта сумесна з замежнымі калегамі правялі плённую працу па праектаванні Сумеснага інстытута інтэлектуальных навук і інжынерыі. Праект уключае ў сябе навучанне па трох сумесных адукацыйных праграмах па наступных спецыяльнасцях: «Прыкладная матэматыка», «Штучны інтэлект» і «Біяхімія».
У пачатку 2026 года рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і рэктар Педагагічнага ўніверсітэта Цылу Чжэнь Сювэнь падпісалі пагадненне аб стварэнні інстытута. Пасля гэтага, у адпаведнасці з патрабаваннямі Міністэрства адукацыі КНР, Купалаўскі ўніверсітэт прыняў удзел у анлайн-абароне праекта для адабрэння яго рэалізацыі ў Кітаі.
Некалькі дзён таму на сайце Міністэрства адукацыі Кітайскай Народнай Рэспублікі з'явілася інфармацыя, што Сумесны інстытут афіцыйна адобраны і пачне працаваць у верасні 2026 года.