Сёння, 1 чэрвеня, сцены Васілішкаўскага дзіцячага сацыяльнага пансіяната «Васількі» напоўніліся музыкай і гучным дзіцячым смехам. Каб парадаваць дзяцей у Міжнародны дзень абароны дзяцей, для іх падрыхтавалі канцэртна-гульнявую праграму «Фарбы лета», у якой прынялі ўдзел актывісты Купалаўскага ўніверсітэта.
У госці да выхаванцаў прыехалі начальнік сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўпраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Таццяна Манчак, педагог сацыяльны гэтай жа службы Валянціна Есіна і валанцёры ГрДУ імя Янкі Купалы. Кожны з іх заўсёды готаў падарыць дзецям яркія і пазітыўныя эмоцыі.
Разам з рабятамі купалаўцы спявалі песні, танцавалі, а таксама прымалі ўдзел у конкурсах і гульнях. Асаблівым момантам стала ўручэнне выхаванцам пансіяната «Васількі» сертыфіката на суму 2000 беларускіх рублёў для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ад імя рэктара Купалаўскага ўніверсітэта Ірыны Кітурка.
Канцэртна-гульнявая праграма «Фарбы лета» стала яркім святам дабра і ўсмешак, якое будуць доўга ўспамінаць не толькі выхаванцы пансіяната, але і купалаўцы.