У апошні дзень Кітайскага Новага года ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пройдуць два заключныя святочныя мерапрыемствы, удзел у якіх можа прыняць кожны ахвочы.
Кітайскі Новы год у 2026 годзе пачаўся 17 лютага і працягнецца да 3 сакавіка. На працягу двух тыдняў ва ўніверсітэце праходзілі розныя мерапрыемствы, прысвечаныя кітайскаму святу: майстар-класы, спартакіяда, выставы, віктарыны і конкурсы.
Заўтра, 3 сакавіка, з 11:00 да 13:00 у фае 2 паверха ў галоўным корпусе па адрасе: вул. Ажэшкі, 22, пройдзе інтэрактыўная пляцоўка «Кітайскі квартал». Падчас мерапрыемства ўдзельнікі змогуць праверыць навыкі каліграфіі: напісаць кітайскія іерогліфы, сваё імя ці фразу; выразаць з паперы кітайскія знакі. Акрамя таго, гасцей свята чакае чайная цырымонія, падчас якой можна будзе пазнаёміцца з рознымі відамі чаю, прыгатаваць яго і пакаштаваць непаўторны смак чайнага напітку.
У 15:00 на галоўнай сцэне Купалаўскага ўніверсітэта адбудзецца ўрачысты канцэрт, прысвечаны святкаванню Кітайскага Новага года.