З 10 па 12 красавіка ў вёсцы Нямнова прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па турысцка-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы воднага турызму, у якіх прынялі ўдзел больш за 120 чалавек з чатырох краін. Мерапрыемства «Нёманская вясна» праводзіцца ўжо 51-ы раз. У гэтым годзе спаборніцтвы сабралі прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Кітайскай Народнай Рэспублікі і Туркменістана.
Арганізатарамі спартыўнага мерапрыемства выступілі Міністэрства спорту Рэспублікі Беларусь і грамадскае аб'яднанне «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз». Непасрэднае правядзенне спаборніцтваў ажыццяўляла Гродзенскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз».
Купалаўскі ўніверсітэт прадставілі тры каманды: «ГрДУ імя Янкі Купалы», «ГрДУ імя Янкі Купалы - Туркменістан» і «ГрДУ імя Янкі Купалы – КНР». Спаборніцтвы праходзяць традыцыйна на рацэ Асташанка на дзвюх дыстанцыях: трэці і пяты клас складанасці. На трэці клас (лёгкі) складанасці было заяўлена 10 каманд, а на пяты (для прафесіяналаў) – 8 каманд. Кароткая дыстанцыя, якая не перавышае 300 метраў, – «Слалам» арыентавана на дакладнасць праходжання маршруту. Удзельнікі павінны паказаць тэхніку валодання турысцкімі суднамі пры праходжанні натуральных і штучных перашкод. Другая дыстанцыя ў 9, 5 кіламетраў – «Ралі», прадугледжвае элементы выратавальных работ, пераадоленне натуральных перашкод і ўменні арыентавацца ў вадзе.
Па выніках спаборніцтваў каманда «ГрДУ імя Янкі Купалы» стала пераможцай на доўгай дыстанцыі.
Купалаўскі ўніверсітэт віншуе каманду з паспяховым праходжаннем дыстанцыі і жадае новых спартыўных дасягненняў!