Па рашэнню Прэзідыума Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь была прысуджана вучоная ступень доктара філалагічных навук Анатолю Брусевічу, дацэнту кафедры беларускай філалогіі.
Да членаў Савета ўніверсітэта звярнулася рэктар Ірына Кітурка.
– Учора мы прымалі Анатоля Аляксандравіча ў члены Прафесарскага сходу нашага універсітэта, і я казала, што гэта вялікая радасць, калі ў сценах універсітэта нашы выпускнікі дасягаюць такіх вышынь, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Таксама Прэзідыум Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь настрыфікаваў дыплом кандыдата эканамічных навук Кірыла Шута, выкладчыка кафедры тылавога забеспячэння.
– Кірыл Валянцінавіч навучаўся ў ардынатуры Ваеннай акадэміі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння імя А. В. Хрулёва ў Санкт-Пецярбургу і за тры гады абараніў кандыдацкую дысертацыю, – падкрэсліла Ірына Фёдараўна.
У рамках пасяджэння было прапанавана выбранне Таццяны Баярчук на пасаду загадчыка кафедры турызму і культурнай спадчыны. Прадставіў кандыдатуру дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч.
– Таццяна Мікалаеўна выконвала абавязкі намесніка дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце. Да кафедры турызму і культурнай спадчыны прад'яўляюцца высокія патрабаванні, паколькі ў сацыяльна-эканамічнай праграме развіцця нашай краіны турызм займае адну з вядучых пазіцый. Таццяна Нікалаева павінна кансалідаваць кафедру і накіраваць яе на паспяховую рэалізацыю дзяржаўных задач, – падкрэсліў у сваёй прамове Віктар Аляксандравіч.
Таксама паступіла прапанова аб абранні на пасаду загадчыка кафедры агульнай фізікі Наталлі Валько. Прадставіў кандыдатуру Наталлі Георгіеўны дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Аляксандр Варанцоў.
– Наталля Георгіеўна з'яўляецца сапраўдным купалаўцам, таму што з моманту паступлення ў Купалаўскі ўніверсітэт яна больш з ім не расставалася. Наталля Георгіеўна ўпрыгожвае фізіку, яна адбылася ў ёй як доктар навук. Гэта вельмі мэтанакіраваны чалавек з багатым вопытам педагагічнай дзейнасці, – адзначыў Аляксандр Сяргеевіч.
Была вылучана прапанова аб прысваенні вучонага звання дацэнта па спецыяльнасці "Псіхалогія" Таццяне Парфёнавай, дацэнту кафедры эксперыментальнай і прыкладной псіхалогіі. Таццяну Вячаславаўну ўдзельнікам Савета прадставіла дэкан факультэта псіхалогіі Вольга Мітрафанава.
– Татьяна Вячеславовна – молодой ученый Купаловского университета. Это пример личностного и профессионального становления, развития, начиная со студенческой скамьи. Помню Татьяну Вячеславовну еще студенткой и уже тогда она подавала большие надежды: была награждена специальном фондом Республики Беларусь по социальной поддержке талантливых учащихся и студентов, внесена в республиканский банк одаренных и талантливых студентов, – сказала Ольга Геннадьевна.
Па выніках галасавання члены Савета ўніверсітэта аднагалосна прынялі рашэнне абраць Таццяну Баярчук на пасаду загадчыка кафедры турызму і культурнай спадчыны; Наталлю Валько - на пасаду загадчыка кафедры агульнай фізікі; прысвоіць Таццяне Парфёнавай вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Псіхалогія».
Далей адбылося ўзнагароджанне супрацоўнікаў і студэнтаў, якія дасягнулі поспехаў у навучальнай, навуковай і выхаваўчай дзейнасці.
Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за добрасумленную плённую працу па асваенні і ўкараненні лічбавых тэхналогій, высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці быў узнагароджаны вядучы інжынер-электронік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Віктар Бадак.
Ганаровай граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы былі ўдастоены дацэнт кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Алена Гулевіч за плённую навукова-педагагічную дзейнасць і падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў; старшы выкладчык кафедры эканомікі і кіравання на прадпрыемстве Святлана Гаранец за добрасумленную працу, прафесіяналізм, значны ўклад у развіццё гаспадарча-дагаворнай дзейнасці і ў развіццё практыка-арыентаванай адукацыі; дацэнт кафедры сучасных тэхналогій праграмавання, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Вадзім Родчанка за плённую навукова-педагагічную дзейнасць, работу з таленавітай моладдзю і дзейснае навуковае кіраўніцтва студэнтамі і магістрантамі; дацэнт кафедры рускай філалогіі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Іна Самойлава за добрасумленную і плённую работу, высокі прафесіяналізм і асабісты ўклад у навучанне і выхаванне замежных студэнтаў; дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Алена Сецько за плённую навукова-педагагічную дзейнасць, укараненне інавацый у адукацыйны працэс і падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў.
Ганаровай граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за добрасумленную плённую працу і высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці былі ўзнагароджаны спецыяліст 1 катэгорыі падрыхтоўчага аддзялення Галіна Буднік, тэхнік 1 катэгорыі рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Іна Зімніцкая, спецыяліст 1 катэгорыі дэканата факультэта матэматыкі і інфарматыкі Марына Кіркіцкая, рэдактар стылістычны 1 катэгорыі рэдакцыі навуковых часопісаў «Веснік ГрДУ імя Я. Купалы» Аксана Ляшанюк, намеснік галоўнага бухгалтара Кацярына Ліннік, спецыяліст 1 катэгорыі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Ганна Макарава, спецыяліст 1 катэгорыі кафедры электратэхнікі і электронікі Вольга Маскалёва, бібліятэкар 1 катэгорыі аддзела абслугоўвання Наталля Петрашка, вядучы спецыяліст па кадрах аддзела кіравання персаналам Аксана Радзько, вядучы спецыяліст аддзела арганізацыйна-метадычнага суправаджэння навуковай і інавацыйнай дзейнасці Ірына Толкіна і інжынер-электронік 2 катэгорыі інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Максім Юрага.
За добрасумленную плённую працу, высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці і значны ўклад у паспяховае выступленне на Рэспубліканскай алімпіядзе Ганаровай граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы быў узнагароджаны інструктар-метадыст па фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай рабоце спартыўнага клуба Эдуард Іванаў. Ганаровай граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за добрасумленную працу і высокую якасць работы была ўдастоена Валянціна Някрасава, кладаўшчык адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў.
Граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за шматгадовае плённае супрацоўніцтва і значны ўклад у забеспячэнне падрыхтоўкі спецыялістаў інжынернага профілю быў узнагароджаны спецыяліст 2 катэгорыі кампаніі «ЭПАМ Сістэмс» Іван Ігнаценка. Таксама Граматай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за актыўны ўдзел у грамадскім, творчым і спартыўным жыцці ўніверсітэта была ўдастоена студэнтка 2 курса спецыяльнасці «Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя» факультэта псіхалогіі Караліна Кавалеўская.
Пасяджэнне Савета ўніверсітэта працягнулася абмеркаваннем стратэгічна важнага пытання – прысутнасці Купалаўскага ўніверсітэта ў сусветнай навукова-адукацыйнай прасторы. З дакладам «Аб задачах і тэхналогіях прасоўвання ўніверсітэта ў сістэме міжнародных рэйтынгаў» выступіў начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Яўген Алізаровіч.
Асаблівую ўвагу ў сваім выступленні Яўген Уладзіміравіч удзяліў пазіцыі ВНУ Беларусі ў сусветных рэйтынгах і амбіцыйным мэтам нашага ўніверсітэта. Яўген Алізаровіч падкрэсліў, што сёння міжнародныя рэйтынгі - інструмент ацэнкі канкурэнтаздольнасці ВНУ. У дакладзе былі разабраны ключавыя крытэрыі ацэнкі ў міжнародных рэйтынгах: рэзультатыўнасць навуковай дзейнасці, якасць адукацыйнай дзейнасці, адкрытасць універсітэта для грамадства, фінансавая ўстойлівасць і акадэмічная рэпутацыя. Яўген Уладзіміравіч таксама прадставіў параўнальны аналіз пазіцый Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адносна айчынных і замежных ВНУ, а таксама абазначыў канкрэтныя меры па далейшаму прасоўванню. Па выніках выступлення для супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта былі пастаўлены канкрэтныя задачы, якія датычацца павышэння якасці навуковай дзейнасці і інфармавання аб дасягненнях.
У якасці праекта рашэння была прапанавана Канцэпцыя прасоўвання ўстановы адукацыі «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы» ў міжнародных рэйтынгах на 2026 - 2030 гады. Рашэнне было вынесена на галасаванне, па выніках якога было прынята аднагалосна.
– Цяпер, сустракаючыся на факультэтах са студэнтамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта, мы так ці інакш выходзім на размову аб тым, што адрознівае ўніверсітэт ад каледжа і іншых навучальных устаноў. Гэта навука. Пагаджуся са словамі Аляксандра Яўгенавіча, што прысутнасць у навукаметрычных базах дадзеных - гэта прапіска выкладчыка ва ўніверсітэце, – падкрэсліла Ірына Фёдараўна.
На пасяджэнні ў рамках парадку дня таксама быў прадстаўлены даклад «Арганізацыя выставачнай дзейнасці ўніверсітэта як фактар прасоўвання ў міжнароднай прасторы». У якасці спікера выступіла Алена Апякун, начальнік цэнтра трансферу тэхналогій.
Выставачная дзейнасць універсітэта сёння – гэта не проста дэманстрацыя дасягненняў, а магутны інструмент, які дазваляе нашаму універсітэту ўмацоўваць экспартны патэнцыял і знаходзіць стратэгічных партнёраў па ўсім свеце.
Алена Уладзіміраўна адзначыла, што за апошнія пяць гадоў Купалаўскі ўніверсітэт стаў удзельнікам 65 выставак. Пры гэтым геаграфія прысутнасці нашага ўніверсітэта пашыраецца. Галоўным крытэрыем поспеху выставачнай дзейнасці, паводле слоў Алены Апякун, з'яўляецца рэзультатыўнасць. Удзел у выставах стаў падмуркам для заключэння кантрактаў і пагадненняў аб супрацоўніцтве.
Вольга Салдатава, начальнік аддзела падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, выступіла з прапановай аб хадайніцтве перад Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь аб адкрыцці падрыхтоўкі для рэалізацыі адукацыйнай праграмы дактарантуры па спецыяльнасці 07.00.02 - айчынная гісторыя. А Марына Калоцэй, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення, прапанавала зацвердзіць пералік навучальных дысцыплін варыятыўнай часткі (кампанент установы адукацыі) цыкла (модуля) сацыяльна-гуманітарных дысцыплін для набору 2026 года.
Удзельнікамі Савета ўніверсітэта былі адобраны абедзве прапановы.