20 студзеня ў Мацвееўскай сярэдняй школе прайшла прафарыентацыйная сустрэча са старшакласнікамі, якую правялі прадстаўнікі філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
На мерапрыемстве будучым абітурыентам расказалі пра адукацыйныя магчымасці факультэта, асаблівасці паступлення і навучання, а таксама пазнаёмілі са студэнцкім і творчым жыццём.
Ад кафедры беларускай філалогіі перад навучэнцамі выступілі загадчык кафедры беларускай філалогіі Алена Садоўская, дацэнты кафедры беларускай філалогіі Святлана Тарасава і Руслан Казлоўскі. У сваіх выступленнях яны расказалі будучым абітурыентам аб асаблівасцях паступлення на спецыяльнасць «Беларуская філалогія». А таксама надалі ўвагу пытанням уступных іспытаў, спецыфіцы навучання, фальклорным практыкам і магчымасцям праходжання Школы беларускага філолага, якая дазваляе паглыблена пазнаёміцца з выбранай спецыяльнасцю яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт. Студэнтка 3 курса Касцецкая Анжэла падзялілася з будучымі абітурыентамі сваім вопытам паступлення і навучання па спецыяльнасці «Беларуская філалогія".
Пра спецыяльнасці «Сучасныя замежныя мовы» і «Рамана-германская філалогія (англійская)» расказала Святлана Дашкевіч, старшы выкладчык кафедры англійскай філалогіі. Сваім асабістым вопытам паступлення і студэнцкага жыцця падзяліліся студэнты 1 курса Паліна Лісоўская, Уладзіслава Сак, Лізавета Палын і Анастасія Харошка.
Старшы выкладчык кафедры рамана-германскай філалогіі Вольга Мяцеж падзялілася з будучымі абітурыентамі інфармацыяй пра спецыяльнасць «Рамана-германская філалогія (нямецкая)». Вольга Аляксандраўна расказала пра перспектывы вывучэння нямецкай мовы, асаблівасці праграмы і магчымасці пасля выпуску.
Кульмінацыяй сустрэчы стала выступленне народнага фальклорнага ансамбля «Чараўніцы», які прадэманстраваў сувязь філалогіі, культуры і традыцый.