На будоўлі, у лагерах і нават за мяжой. Студэнцкія атрады Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы працягваюць сваю працу.
За два месяцы лета ў Купалаўскім універсітэце ўжо адпрацавалі 23 педагагічныя атрады, 3 будаўнічыя, 13 вытворчыя, 12 сэрвісных, 1 сельскагаспадарчы і 2 выязныя сэрвісныя атрады на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. У апошні месяц лета прадоўжаць працу каля 30 студэнцкіх атрадаў.
Традыцыйна самым шматлікім і папулярным напрамкам у студэнтаў застаецца педагагічны. На працягу ўсяго лета купалаўцы працуюць важатымі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. "Дружба", "Азёры", "Сузор'е", "Бярозка", "Купалiнка", "Зорка Юбілейная" - менавіта тут байцы педагагічных атрадаў дапамагаюць школьнікам правесці лета ярка і цікава. Таксама адным з папулярных месцаў працы сёлета стаў НДЦ "Зубраня".
У рабоце будаўнічых атрадаў сёлета задзейнічаны 68 чалавек. Менавіта гэтыя рабяты дапамагаюць падрыхтаваць карпусы і інтэрнаты ўніверсітэта да новага навучальнага года. Афарбоўка і шпатляванне сцен, акультурванне тэрыторый і шмат іншага ўваходзіць у абавязкі байца будаўнічага атрада.
Байцы сэрвісных атрадаў працуюць у складзе прыёмнай камісіі ўніверсітэта, а таксама ў розных арганізацыях сферы абслугоўвання, сярод іх КУП "Гроднааблкінавідэапракат" і санаторый "Азёрны". Таксама байцы сэрвісных атрадаў задзейнічаны і ў рабоце на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Рабяты працуюць у сталовай ДОЛ «Марская хваля» афіцыянтамі і кухарамі. У вольны ад працы час у іх ёсць унікальная магчымасць адпачыць на ўзбярэжжы Чорнага мора і цудоўна правесці час. Сёлета таксама пачаў сваю працу сэрвісны атрад, які суправаджае замежных грамадзян пры паступленні ў Купалаўскі ўніверсітэт.
Вытворчыя атрады заняты на прадпрыемствах ЗАТ "АТЛАНТ", ААТ "Гродзенскі кансервавы завод", СТАА "Контэ Спа", ТАА "Медватфарм", ААТ "Малочны Свет", ААТ "Радыёхваля". Тут яны дапамагаюць асноўным работнікам у вырабе, упакоўцы і маркіроўцы тавару.
У гэтым годзе спіс напрамкаў дзейнасці атрадаў папоўніўся яшчэ адным: цяпер студэнты могуць паспрабаваць сябе ў «Экалагічным» атрадзе. Байцы атрада працуюць у Рэспубліканскім ландшафтным заказніку "Азёры".
Павялічыўся і спіс арганізацый, у якіх могуць працаваць купалаўцы. З новых прадпрыемстваў: СТАА «Контэ Спа», ТАА «Медватфарм», КУП «Тэлерадыёвяшчальны канал «Гродна Плюс». Наладжваецца супрацоўніцтва з нарыхтоўча-гандлёвым унітарным прадпрыемствам "Гродзенскі нарыхтоўшчык" і санаторыем "Альфа Радон".
На сённяшні дзень у студэнцкіх атрадах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы працуюць або ўжо завяршылі сваю працу каля 850 студэнтаў-купалаўцаў.
І сёння, у Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў, мы жадаем нашым рабятам цікавых працоўных будняў, невычэрпнай энергіі і яркіх успамінаў!