Гродзенская абласная арганізацыя РГА "Белая Русь" падвяла вынікі абласнога этапа конкурсу работ творчай моладзі "Залатое пяро "Белай Русі" - 2025", прысвечанага 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тэма конкурсу «Які бязмерны цяжар на жаночыя плечы лягла…» дазволіла маладым журналістам узгадаць пра жанчын, якія ўнеслі свой уклад у Вялікую Перамогу, і раскрыць іх ролю ў ваенных падзеях.
У катэгорыі "Студэнт" пераможцам стала Варвара Сенчанкава, студэнтка 2 курса спецыяльнасці "Інфармацыя і камунікацыя" ГрДУ імя Янкі Купалы, якая заняла 1 месца. Яе праца атрымала высокую адзнаку за глыбокі аналіз і эмацыйную насычанасць. Другое месца заняла Ангеліна Шавельская, студэнтка 1 курса спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Купалаўскага ўніверсітэта, якая прадэманстравала арыгінальны падыход да раскрыцця тэмы. Трэцяе месца дасталася Анастасіі Чарнецкай, студэнтцы 1 курса спецыяльнасці "Журналістыка" ГрДУ імя Янкі Купалы, чыё эсэ вылучалася яркімі вобразамі і ўражлівым зместам. Усе тры ўдзельнікі паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі і глыбокае разуменне важнасці тэмы.
Анастасія Чарнецкая падзялілася сваімі ўражаннямі аб напісанні эсэ, адзначыўшы, што гэты працэс стаў для яе сапраўдным адкрыццём. Усведамленне значнасці гісторыі і ролі жанчын у Вялікай Айчыннай вайне натхніла яе на глыбокае даследаванне тэмы.
- Узімку я ездзіла на экскурсію ў Брэсцкую крэпасць, гэта быў падарунак студэнтам ад Ірыны Фёдараўны. Асабліва моцнае ўражанне на мяне зрабіў манумент "Смага", які сімвалізуе мужнасць і стойкасць абаронцаў крэпасці ў цяжкіх умовах аблогі. Калі я ўбачыла тэму для сачынення, адразу ўспомніла пра гэты помнік і вырашыла напісаць пра жанчын, якія ваявалі разам з мужчынамі, выкарыстоўваючы вобраз вады як сімвал іх характару і сілы. На мой погляд, жанчыны, якія ўдзельнічалі ў абароне Брэсцкай крэпасці, былі падобныя на ваду - мяккія і далікатныя звонку, але неверагодна моцныя і ўпартыя ўнутры. Вада здольная пранікаць у самыя маленькія расколіны і з часам руйнаваць нават самыя цвёрдыя камяні. Так і жанчыны, нягледзячы на сваю знешнюю далікатнасць, валодалі неверагоднай вытрымкай, смеласцю і здольнасцю пераадольваць любыя цяжкасці, - распавяла Анастасія.
Для пераможцы, Варвары Сенчанкавай, тэма была не менш значная. Студэнтка прызнаецца, што галоўнай мэтай у працы было перадаць пачуцці і перажыванні жанчын, якія сутыкнуліся з жахамі вайны.
- У сваім эсэ «Вайна, якая скрала адрасата» праз серыю лістоў да брата, які пайшоў на фронт, я пастаралася распавесці пра лёс дзяўчыны, якая перажыла цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. Для мяне важна было паказаць, як вайна мяняе лёсы і жыцці людзей, якія вынеслі на сваіх плячах груз страт, адзіноты і сталай барацьбы за жыццё. Праз асабістую гісторыю гераіні я імкнулася адлюстраваць лёсы тысячы жанчын, чыя сіла духу і адважнасць сталі неад'емнай часткай Вялікай Перамогі, - падзялілася Варвара.
Віншуем купалаўцаў і жадаем далейшых поспехаў у творчай дзейнасці!