Выпускніца Гнязноўскай сярэдняй школы (Ваўкавыскі раён) Марыя Жыгалка стала двухтысячны м абітурыентам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Дзяўчына ўжо мае прафесію кухара і тэхніка-тэхнолага: Марыя скончыла Гродзенскі дзяржаўны прафесійны тэхнічны каледж з дыпломам «з адзнакай». У гэтым годзе вырашыла працягнуць сваё навучанне ў сценах купалаўскай ВНУ. Для гэтага абрала спецыяльнасць «Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання (скароч.)» на факультэце біялогіі і экалогіі.
– Я даўно хацела паступіць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Перш за ўсё, каб стаць інжынерам-тэхнолагам. Менавіта дзякуючы вышэйшай адукацыі, якую я атрымаю тут, у мяне будзе больш шанцаў паспяхова рухацца ўверх па кар'ернай лесвіцы, - распавяла Марыя.
Дзяўчыне трэба прайсці дадатковае ўступнае выпрабаванне: Марыя будзе здаваць экзамен па спецыяльнасці і спадзяецца, што статус двухтысячнага абітурыента ГрДУ імя Янкі Купалы, які яна атрымала, стане для яе талісманам ўдачы.
На сённяшні дзень на 870 бюджэтных месцаў дзённай формы атрымання вышэйшай адукацыі дакументы ў наш універсітэт падалі 1358 абітурыентаў. У іх ліку 87 дзяцей, якія скончылі школу з залатым ці срэбным медалём, 9 маюць дыплом «з адзнакай», адзін з'яўляецца пераможцам рэспубліканскай алімпіяды, 5 - пераможцамі III (абласнога) этапу, 4 - пераможцамі II (раённага) этапа, 5 - пераможцамі алімпіяд ГрДУ імя Янкі Купалы для старшакласнікаў. Сярод абітурыентаў 195 чалавек, якія па выніках трох сертыфікатаў ЦТ маюць 200 балаў і больш.
Нагадваем, што прыём дакументаў на бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі будзе праходзіць да 14 ліпеня, на платную - да 1 жніўня ўключна па адрасе: вул. Леніна, 32 з 9.00 да 18.00.
Аб ходзе прыёмнай кампаніі ў ГрДУ імя Янкі Купалы можна даведацца больш на сайце www.abit.by.