З 1 жніўня 2026 года ў Беларусі маладыя спецыялісты, якія скончылі ВНУ і каледжы за кошт сродкаў бюджэту, пачалі абавязковую адпрацоўку па размеркаванні.
Сёлета Купалаўскі ўніверсітэт выпусціў 876 чалавек, якія навучаліся за кошт сродкаў бюджэту ў дзённай форме атрымання адукацыі. Усе яны атрымалі разьмеркаваньне на працу. З 699 выпускнікоў платнай формы навучання 35 выказалі жаданне атрымаць накіраванне на працу, і таксама былі працаўладкаваны. Больш за 40 выпускнікоў атрымалі працоўныя месцы ў ГрДУ імя Янкі Купалы.
Афіцыйна працоўны шлях для размеркаванага маладога спецыяліста пачаўся з першага чысла апошняга летняга месяца. Дарэчы, працаваць можна пачаць і раней. Менавіта так і зрабілі выпускнікі спецыяльнасці «Журналістыка» Купалаўскага ўніверсітэта. Сёння яны падзяліліся з намі ўражаннямі ад насычаных працоўных будняў.
Да службовых абавязкаў карэспандэнта інтэрнэт аддзела тэлеканала «Гродна Плюс» Ягор Скепко прыступіў яшчэ будучы студэнтам другога курса.
– Пішу тэксты, здымаю фота і відэа, мантую, агучваю і вяду прамыя эфіры для сацыяльных сетак тэлеканала «Гродна Плюс». На працоўным месцы адчуваю сябе камфортна, наладжаны добры кантакт з супрацоўнікамі. Праца цікавая, кожны новы дзень не падобны на папярэдні, пастаянны рух. Нядаўна адбылася сустрэча з адміністрацыяй, акрэслілі планы і паставілі задачы для маладых спецыялістаў, аказалі падтрымку і давер. Упэўнены, што зрабіў правільны выбар, паступіўшы на спецыяльнасць «Журналістыка» Купалаўскага ўніверсітэта, – расказаў Ягор.
Таксама карэспандэнтам інтэрнэт аддзела тэлеканала «Гродна Плюс» ужо больш за год працуе Анастасія Кісель. Яна з энтузіязмам распавяла аб сваіх абавязках:
– Працую ў кадры і за кадрам. Займаюся пошукам і напісаннем навін, а таксама размяшчэннем іх у сацыяльных сетках канала. Выязджаю на здымкі, асвятляю гарадскія падзеі. Ствараю спецыяльныя праекты з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. З'яўляюся аўтарам і вядучай праграмы «Маладзёжны аргумент» на тэлеканале «Гродна Плюс».
Анжаліка Стэфановіч атрымала размеркаванне ў ГрДУ імя Янкі Купалы, але пачала працу на пасадзе карэспандэнта газеты «Гродзенскі ўніверсітэт» яшчэ ў сакавіку гэтага года.
– Пазнаёміцца з будучым калектывам і працоўнымі задачамі мне ўдалося яшчэ зімой падчас праходжання спецыялізаванай і пераддыпломнай практыкі. Падобны досвед дапамог мне досыць лёгка і плыўна паўнавартасна прыступіць да працоўных абавязкаў увесну. Да моманту размеркавання я ўжо ведала калег, некалькі месяцаў выконвала рэальныя задачы і выразна ўяўляла аб'ём працы, якая мае быць. Да таго ж больш ранняе працаўладкаванне дазваляе хутчэй назапасіць стаж, які важны для любога спецыяліста, – падзялілася Анжаліка.
Сваю працу на пасадзе карэспандэнта аддзела культуры, спорту і навукі рэдакцыі газеты «Гродзенская праўда» пачала і Софія Яновіч. А зусім нядаўна яна стала намесніцай кіраўніка аддзела інтэрнет-рэсурсаў. Пры паступленні ва ўніверсітэт Соф'я выбрала напрамак «Вэб-журналістыка». Паводле яе слоў, падчас вучобы ўдалося развіць навыкі пісьменніцкага майстэрства, маўлення і дызайну. Першым заданнем у рэдакцыі была рэалізацыя відэапраекта «Пакаленне АГРА», які расказвае аб студэнтах, маладых спецыялістах, якія працуюць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, фермах Гродзенскага рэгіёну. Дзяўчына прызналася, пачынаць працаваць было складана з-за вялікага патоку інфармацыі, новых абавязкаў і распарадку дня, але цікава. Падобна, менавіта цікавасць дапамагае пераадольваць першыя цяжкасці і хутка расці.
У якую б арганізацыю ні прыйшоў працаваць малады спецыяліст, усюды ён зможа раскрыць свой патэнцыял, прымяніць атрыманыя веды на практыцы і рэалізаваць самыя смелыя ідэі на карысць грамадства і дзяржавы. Адважвайцеся і ў вас усё атрымаецца!