Сёння, 12 чэрвеня, для выпускнікоў ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы завяршыўся важны этап навучання – дзяржаўны экзамен па спецыяльнасці «Тылавое забеспячэнне войскаў». Фінальным і самым адказным выпрабаваннем для будучых афіцэраў стала праверка іх практычных навыкаў у становішчы, максімальна набліжаным да рэальнага.
Выніковую атэстацыю паспяхова прайшлі 18 курсантаў. З іх 12 чалавек навучаліся па спецыялізацыі «Тылавое забеспячэнне войскаў харчаваннем», а 6 – па накіраванні «Тылавое забеспячэнне войскаў рэчавай маёмасцю». Напярэдадні будучыя афіцэры пацвердзілі свае тэарэтычныя веды ў сценах ваеннага факультэта, а сёння прадэманстравалі гатоўнасць дзейнічаць у палявых умовах.
Важнасць такога фармату праверкі ведаў падкрэсліў начальнік ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы палкоўнік Генадзь Песляк:
– Практыка-арыентаванае навучанне – гэта тое, што неабходна нашым выпускнікам для таго, каб удасканальваць, адпрацоўваць, набываць практычныя навыкі па сваёй будучай спецыяльнасці.
Падчас практычнага этапу перад купалаўцамі стаяла комплексная задача: адбіць напад дыверсійна-разведвальнай групы суперніка на падраздзяленне тылу ў раёне яго размяшчэння. Пасля паспяховага выканання тактычнага элемента курсанты ў нарматыўны час разгарнулі інфраструктуру забеспячэння: элементы палявога харчовага пункта, палявую лазню і рэчавую рамонтную майстэрню.
Члены дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі высока ацанілі вывучку, аператыўнасць і ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў. Па выніках экзамена была зроблена адназначная выснова: курсанты поўнасцю гатовы да выканання сваіх абавязкаў на першасных афіцэрскіх пасадах у шэрагах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
Віншуем курсантаў з паспяховым праходжаннем дзяржаўнай атэстацыі і жадаем доблеснай службы на карысць Радзімы!