Лепшыя студэнты факультэта эканомікі і кіравання Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія вызначыліся ў вучэбнай, навуковай, грамадскай, творчай і спартыўнай дзейнасці, разам з прафесарска-выкладчыцкім складам здзейснілі экскурсійную паездку ў горад-герой Мінск. Мэтай візіту стала знаёмства з дзяржаўным ладам краіны, яе гістарычнай спадчынай і памяццю аб Вялікай Айчыннай вайне.
Першым пунктам маршруту стала Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага збору Рэспублікі Беларусь. Тут удзельнікі паездкі не толькі пазнаёміліся са структурай і прынцыпамі заканатворчай дзейнасці, але і прынялі ўдзел у круглым стале. Спікерам выступіла Алена Патапава, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце. Алена Станіславаўна падзялілася каштоўным вопытам дэпутацкай работы, расказаўшы аб распрацоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з выбаршчыкамі Гродзенскай-Кастрычніцкай акругі № 50.
Асаблівую цікавасць выклікаў экскурс у гісторыю, які правёў Валерый Гамеза, начальнік аддзела па падрыхтоўцы законапраектаў і ўзаемадзеянні з Пастаяннай камісіяй па адукацыі, культуры і навуцы. Валерый Валяр'янавіч расказаў купалаўцам пра гісторыю стварэння і развіцця Палаты прадстаўнікоў, яе кіраўнікоў і міжнародную дзейнасць. Таксама ўдзельнікі змаглі ўбачыць выставу сувеніраў ад краін-партнёраў Беларусі. Уражанне зрабіў аповед пра супрацоўнікаў Дома Урада, чые імёны – як герояў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – увекавечаны на мемарыяльнай дошцы памяці. У завяршэнне візіту ўдзельнікаў запрасілі ў сэрцы Дома Урада – Авальную залу, дзе прымаюцца ключавыя законы краіны, а расказ Валерыя Валяр'янавіча аб архітэктурных асаблівасцях будынка дапоўніў агульную карціну.
Наступным, не менш значным пунктам праграмы, стала наведванне Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут, сярод экспанатаў і інтэрактыўных інсталяцый, прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання пагрузіліся ў рэальныя ўспаміны ветэранаў, дзякуючы сучасным IT-тэхналогіям.
Завяршылася падарожжа душэўнымі песнямі пад гітару, якія хлопцы спявалі ўсю дарогу. Адзінства студэнтаў і выкладчыкаў факультэта эканомікі і кіравання дазваляе фармаваць духоўна-маральны і патрыятычны элемент у сваёй свядомасці, а галоўнае – стаць адной камандай Alma Mater.