Сёння, 6 мая, напярэдадні Дня Вялікай Перамогі прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы разам з удзельнікамі Міжнароднага грамадзянска-патрыятычнага марафону "Час выбраў нас" наведалі і павіншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціну Пятроўну Баранаву.
Сустрэча прайшла кранальна і душэўна. Госці выказалі Валянціне Пятроўне словы шчырай удзячнасці за гераізм, праяўлены на палях бітваў, за неверагодную стойкасць і неацэнны ўклад у Вялікую Перамогу.
Ад імя рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірыны Кітурка Валянціне Пятроўне пажадалі моцнага здароўя, дабрабыту і душэўнага спакою. Таксама госці адрасавалі ветэрану як мага больш увагі ад родных і блізкіх і самае галоўнае - мірнае неба над галавой, дзеля якога яна змагалася.
Пасля шчырых віншаванняў ветэрану ўручылі кветкі і падарункі, а таксама выканалі песні.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Баранава была франтавой сувязісткай, якая прайшла ўсю вайну і сустрэла перамогу ў Празе. Яе стойкасць, смеласць і адвага з'яўляюцца прыкладам, які маладое пакаленне будзе памятаць заўсёды.