Сёння, 29 красавіка, на спартыўным стадыёне Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбыўся спартыўна-мастацкі фестываль "Купалаўскі старт". Мерапрыемства аб'яднала навучэнцаў каледжаў і студэнтаў, гатовых прадэманстраваць не толькі спартыўныя, але і творчыя навыкі.
Пачаўся фестываль з маштабнага шэсця. Каманды факультэтаў і каледжаў Купалаўскага ўніверсітэта роўнымі калонамі прайшлі па стадыёне і сталі ў лінію, каб павітаць адзін аднаго і гледачоў, афіцыйна адкрыўшы спаборніцтвы.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся прарэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Вячаслаў Раманенка:
– Я віншую вас з адкрыццём цудоўнага спартыўна-мастацкага фестывалю “Купалаўскі старт”. Я хачу настроіць вас на бескампрамісны ўдзел у гэтых спаборніцтвах. Я хачу пажадаць кожнаму з вас творчых і спартыўных поспехаў. І, як заўсёды, няхай пераможа мацнейшы.
Кульмінацыяй урачыстага адкрыцця стала агульная размінка. У адзіным парыве студэнты сінхронна выконвалі практыкаванні, зараджаючы энергіяй не толькі адзін аднаго, але і гледачоў.
У рамках фестывалю прайшлі два этапы: творчы і спартыўны. На творчым этапе каманды дэманстравалі сваю крэатыўнасць і творчы патэнцыял, паказваючы візітоўкі. У рамках спартыўнай часткі спаборніцтваў каманды ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па дартсе, перацягванні каната, адцісканні, а таксама конкурсах па футболе, валейболе і эстафеце.
Па выніках напружанай барацьбы першае месца заваявала каманда факультэта біялогіі і экалогіі, другое месца дасталася камандзе факультэта фізічнай культуры, а трэцяе месца атрымала каманда інжынернага факультэта.
Спартыўна-мастацкі фестываль "Купалаўскі старт" праводзіцца ўжо восьмы раз і становіцца пляцоўкай для аб'яднання купалаўцаў у агульным імкненні да актыўнага і здаровага ладу жыцця.