Вясновыя месяцы ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы традыцыйна адзначаны высокай актыўнасцю. У красавіку Купалаўскі ўніверсітэт працягнуў актыўную працу ва ўсіх ключавых кірунках – ад навукі і адукацыі да грамадскага жыцця.
Адной з цэнтральных падзей красавіка стала прэзентацыя дакументальна-біяграфічнага выдання «Наш Прэзідэнт» у сценах Купалаўскага ўніверсітэта з удзелам членаў аўтарскага калектыву – Аляксандра Радзькова і Аляксандра Карлюкевіча.
Гонарам універсітэта стала прысваенне прэміі «Чалавек года Гродзеншчыны» дэкану факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктару Белазаровічу , што стала пацвярджэннем прафесіяналізму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі купалаўцаў.
Яшчэ адной важнай падзеяй для ўніверсітэта стала абмеркаванне дакументальнага фільма «Чужое неба» , дзе прысутныя змаглі пагутарыць з Аляксеем Марціненкам, рэжысёрам дакументальнага фільма і палітычным аглядальнікам Белтэлерадыёкампаніі; Аляксандрам Ігначковым, рэжысёрам-пастаноўшчыкам дакументальнага фільма, а таксама Юліяй Брыкінай-Барысавай, галоўным героем дакументальнага фільма.
Цэнтрам прыцягнення для творчай моладзі стаў танцавальны фестываль-конкурс «Стыль-Dance - Энергія, Прыгажосць, Гармонія» , удзел у якім прынялі танцавальныя калектывы Купалаўскага універсітэта. Уменне па-майстэрску і пераканаўча выкладаць свае думкі купалаўцы прадэманстравалі на конкурсе аратарскага майстэрства «Цыцэроній – 2025» . Яшчэ адной яркай падзеяй стаў спартыўна-мастацкі фестываль «Купалаўскі старт» , які аб'яднаў каманды студэнтаў розных факультэтаў універсітэта ў захапляльных спартыўных і творчых іспытах. Каманда «Купалаўцы і кропка» прыняла ўдзел у рэспубліканскім фестывалі КВЗ «Кубак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь – 2025», падарыўшы гледачам порцыю вясёлых эпізодаў і нечаканых жартаў. У красавіку стартаваў «XXII Адкрыты Вясновы фестываль клубаў ЮНЕСКА-2025» , прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У Купалаўскім універсітэце падвялі вынікі і ўзнагародзілі ўдзельнікаў маладзёжнага фестывалю-конкурсу «МЕДЫЯСФЕРА-2025» .
У красавіку асаблівую ўвагу надалі грамадскай дзейнасці і захаванню гістарычнай памяці. Ва ўніверсітэце адбылася дыялогавая пляцоўка , прысвечаная Чарнобыльскай трагедыі, у рамках якой абмеркавалі ўрокі мінулага і пытанні экалагічнай бяспекі. Спікерамі сталі людзі, якія напрамую сутыкнуліся з катастрофай. Напярэдадні важнай даты адкрылася выстава плакатаў, прысвечаных 80-годдзю Перамогі. Акрамя таго, быў пакладзены старт рубрыцы, прысвечанай 80-годдзю Вялікай Перамогі – «Сямейная хроніка купалаўцаў».
У цэнтры ўвагі ўніверсітэта застаецца развіццё навуковага патэнцыялу. Адбылася XV Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя-конкурс навукова-даследчых работ навучэнцаў сярэдніх, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і студэнтаў ВНУ «Ад Альфа да Амегі…» , якая аб'яднала таленавітых маладых вучоных. Таксама прайшла II Міжнародная навуковая канферэнцыя «Змена парадыгмаў у гістарычнай навуцы: новыя выклікі, тэарэтычныя пошукі, даследчыя практыкі», якая сабрала ў сценах універсітэта 175 даследчыкаў Беларусі і Расіі.
Навуковая бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы далучылася да Міжнароднай акцыі «Бібліяноч», прапанаваўшы наведвальнікам пашыраны фармат працы і незвычайную культурную праграму.
Духоўнай асвеце і захаванню культурных каштоўнасцей была прысвечана выстава паштовай экспазіцыі «Беларусь Праваслаўная», прымеркаваная 125-годдзю з дня заснавання Гродзенскай дыяцэзіі.
У красавіку праходзіў асноўны этап размеркавання выпускнікоў , а таксама купалаўцы прынялі ўдзел у III Рэспубліканскім маладзёжным кірмашы вакансій у г. Гродна, дзе прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў горада прапанавалі моладзі варыянты працы як падчас вучобы, так і пасля атрымання адукацыі.
Універсітэт актыўна падтрымлівае і далучае студэнтаў і супрацоўнікаў да сацыяльна значных ініцыятываў. Купалаўцы прынялі ўдзел у экалагічнай акцыі «Дай лесу новае жыццё!» і традыцыйным рэспубліканскім суботніку . Таксама прайшла важная акцыя па донарстве крыві .
Не менш важнай падзеяй стала «Універсітэцкая класная гадзіна» для навучэнцаў дзесятых і адзінаццатых профільных класаў інжынернай накіраванасці.
У конкурсе «Лепшая група універсітэта - 2025» абсалютным пераможцам стала група 2 курса інжынернага факультэта спецыяльнасці «Транспартная лагістыка».
Усе гэтыя красавіцкія падзеі дэманструюць яркае, шматпланавае і дынамічнае жыццё Купалаўскага ўніверсітэта.