14 мая на базе педагагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы адбылося адкрыццё XXII Міжнароднай навуковай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў "Эўрыка - 2025". Заяўкі на ўдзел пададзены ад 250 маладых даследчыкаў з Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі.
Тэматыка выступленняў на пленарным пасяджэнні ахоплівала шырокі спектр пытанняў, такіх як роля асобы ў забеспячэнні духоўнага адраджэння беларускага народа, станаўленне іміджу педагогаў у сучаснай адукацыі, а таксама выкарыстанне сучасных інавацыйных сродкаў, якія садзейнічаюць развіццю маўлення дзяцей ранняга ўзросту з цяжкімі шматлікімі парушэннямі развіцця (ТМНР).
Пасля пленарнага пасяджэння ўдзельнікі канферэнцыі працягнулі сваю працу ў секцыях, дзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні педагогікі і псіхалогіі. У рамках кожнай секцыі была дадзена магчымасць глыбей пагрузіцца ў канкрэтныя тэмы, што садзейнічала пошуку практычных рашэнняў у сферы адукацыі. У першай секцыі разглядаліся аспекты дзяцінства ў кантэксце педагагічных і псіхалагічных даследаванняў. Праца другой секцыі была прысвечана актуальным праблемам педагогікі і сацыяльнай працы. У рамках трэцяй секцыі закраналіся пытанні арганізацыі карэкцыйна-педагагічнай работы з дзецьмі, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Удзельнікі чацвёртай секцыі абмяркоўвалі актуальныя праблемы выкладання мовы і літаратурнага чытання ў адукацыйных установах. У пятай секцыі асноўная ўвага факусавалася на навучанні матэматыцы і прыродазнаўчым дысцыплінам. Праца шостай секцыі тычылася менеджменту ў адукацыі, а сёмы - актуальных пытанняў сучасных сацыягуманітарных ведаў.
Канферэнцыя "Эўрыка - 2025" стала важнай платформай для абмену навуковымі ідэямі і ўстанаўлення прафесійных кантактаў сярод маладых даследчыкаў.