У рамках Тыдня бацькоўскай любові ў ГрДУ імя Янкі Купалы прайшла акцыя, прымеркаваная да Дня бацькі.
21 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь адзначаюць адно з самых маладых святаў - Дзень бацькі.
Напярэдадні гэтага цудоўнага дня ў галоўным корпусе ўніверсітэта прайшла акцыя «Татаў дзень у календары».
Мерапрыемства аб'яднала студэнтаў і выкладчыкаў, якія з вялікім энтузіязмам разгадалі тэматычныя крыжаванкі і пакінулі цёплыя пажаданні на фліпчарце сваім татам.
Актывісты падрыхтавалі віншавальныя паштоўкі, якія ўдзельнікі акцыі змаглі даслаць бацькам.
Да святочнай акцыі далучыліся рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь, дзяржаўны саветнік мытнай службы III рангу Уладзімір Арлоўскі і начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні, Дзяржаўны саветнік мытнай службы III рангу Аляксандр Піхун.
Арганізатарам акцыі выступіла студэнцкая рада ўніверсітэта разам з першаснай арганізацыяй «БРСМ» і прафкамам навучэнцаў.
Быць бацькам - самая адказная і важная праца ў жыцці мужчыны. Падтрымаць, расказаць, растлумачыць, навучыць, абараніць і зрабіць усё гэта з любоўю і цяплом - такое можа толькі тата.
Віншуем бацькоў з надыходзячым святам!