Купалаўцы наведалі мемарыяльны комплекс «Шаўлічы»
Мітынг-рэквіем быў арганізаваны ў знак памяці і павагі да ахвяр трагічнай падзеі. Штогод у гэты дзень збіраюцца ў мемарыяльным комплексе «Шаўлічы» члены працоўных калектываў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, кіраўніцтва і прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, навучэнскай і працоўнай моладзі, каб ушанаваць памяць загінуўшых мірных жыхароў.
Прайшло 80 гадоў з дня трагедыі цяпер не існуючай вогненнай вёскі Шаўлічы Ваўкавыскага раёна – адной з вёсак нашай шматпакутнай Беларусі, якія так і не паўсталі з агню і попелу. Бязлітаснае галоднае полымя, запаленае нямецка-фашысцкімі акупантамі, бясследна сцерла яе з зямлі.
Падчас карнай аперацыі раніцай 7 ліпеня 1943 гады немцы расстралялі тут 366 чалавек, у тым ліку 120 дзяцей, і спалілі 77 хат. Пасля гэтай крывавай расправы вёска Шаўлічы, якую называюць «малодшай сястрой Хатыні», не адрадзілася, а памяць аб трагедыі была ўшанавана ў мемарыяльным комплексе.
Гэты мітынг-рэквіем стаў не толькі магчымасцю выказаць скруху і спачуванні, але і аб'яднаў людзей у барацьбе за лепшую будучыню і прадухіленне падобных трагедый.