8 кастрычніка ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы прайшла сустрэча з прадстаўнікамі духавенства Гродзенскай епархіі. Падчас мерапрыемства адбылося падпісанне дамовы і праграмы ўзаемадзеяння на бліжэйшыя пяць гадоў, а таксама прэзентацыя кнігі пра беларускага педагога і рэлігійнага дзеяча Сяргея Паўлавіча. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел адміністрацыя, прафесарска-выкладчыцкі склад і студэнцкі актыў ВНУ.
Узаемадзеянне Купалаўскага ўніверсітэта і Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы доўжыцца ўжо шмат гадоў і закранае самыя розныя аспекты.
– Упершыню мы падпісалі Дагавор аб супрацоўніцтве і Праграму супрацоўніцтва з Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2015 годзе, – адзначыла начальнік упраўлення па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Котава. – Супрацоўніцтва закранае розныя аспекты: сумесная падрыхтоўка курсавых, дыпломных і магістарскіх работ, правядзенне навуковых мерапрыемстваў, праца святароў і прафесарска-выкладчыцкага складу ў якасці спікераў і экспертаў на дыскусійных пляцоўках, а таксама асветніцкая і інфармацыйная праца са студэнтамі.
У пачатку сустрэчы рэктар універсітэта Ірына Фёдараўна Кітурка прадставіла вынікі ўзаемадзеяння арганізацый за мінулы навучальны год. У гэтым годзе прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу ГрДУ імя Янкі Купалы праводзілі адкрытыя лекцыі і прымалі ўдзел у сустрэчах з педагогамі і навучэнцамі школ, а студэнты вывучалі гісторыю Беларускай Праваслаўнай Царквы, адлюстроўваючы свае пошукі ў навуковых работах. За мінулы навучальны год быў праведзены цыкл літаратурных выставак і арганізаваны дыскусійны клуб “Праваслаўныя чацвяргі” на базе навуковай бібліятэкі ВНУ. Прадстаўнікі Гродзенскай епархіі бралі ўдзел у важных для ўніверсітэта мерапрыемствах, праводзілі малебны і экскурсіі па праваслаўных храмах Гродна, а таксама далучаліся да валанцёрскай дзейнасці Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Прыемным складнікам афіцыйнай часткі мерапрыемства стала ўручэнне падзяк ад Гродзенскай епархіі найбольш актыўным прадстаўнікам Купалаўскага ўніверсітэта. За актыўны ўдзел у сумесных праектах і духоўна-маральную асвету моладзі былі ўзнагароджаны 11 студэнтаў і два выкладчыкі.
Адной з цэнтральных падзеяў сустрэчы стала прэзентацыя кнігі «Сяргей Паўловіч: царкоўны дзеяч, асветнік, педагог». Кніга выдадзена Беларускай Праваслаўнай Царквой і прысвечана жыццю і спадчыне вядомага беларускага асветніка. Выданне прадставіў адзін з яго складальнікаў – дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ Аляксандр Горны. Другім складальнікам кнігі выступіла кандыдат гістарычных навук, загадчыца лабараторыі царкоўнай гісторыі пры брацтве ў гонар Віленскіх мучанікаў Лідзія Кулажэнка.
Фіналам мерапрыемства стала падпісанне дамовы і праграмы супрацоўніцтва паміж Купалаўскім універсітэтам і Гродзенскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы на бліжэйшыя пяць гадоў. Афіцыйны подпіс пад дакументамі паставілі рэктар універсітэта Ірына Кітурка і Кіраўнік Гродзенскай епархіяй архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. Бакі дамовіліся аб узаемадзеянні ў сферы выхавання і сацыяльнай работы, сумеснай навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, правядзенні духоўна-асветніцкіх акцый, а таксама аб супрацоўніцтве ў рамках павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў.
Гэта сустрэча стала важным крокам ва ўмацаванні шматгадовага партнёрства дзвюх арганізацый у сферы духоўна-маральнага выхавання моладзі і рэалізацыі сумесных навукова-асветніцкіх праектаў.