15 верасня ў Мінску на пляцоўцы Falcon Club Arena адбыўся маштабны прадпрымальніцкі форум Space Day, накіраваны на развіццё і падтрымку студэнцкіх ініцыятыў. Мерапрыемства сабрала каля дзвюх тысяч удзельнікаў, сярод якіх – студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Удзельнікамі мерапрыемства сталі маладыя прадпрымальнікі, эксперты, студэнты і супрацоўнікі беларускіх ВНУ, а таксама бізнес-каманды, зацікаўленыя ў пошуку рэсурсаў і партнёрскіх сувязей для маштабавання сваіх праектаў. Арганізатарамі форуму выступілі Стартап-цэнтр БДУ і маладзёжная прадпрымальніцкая супольнасць StartUp Space.
У рамках форуму былі прадстаўлены рэспубліканскі акселератар Space University для праектаў ранніх стадый і карпаратыўная праграма Space CorpAcc, аб'яўлены новы сезон хакатонаў, а таксама запушчаны медыяпартал Space Media. Са сцэны выступілі старшыня грамадскага аб'яднання StartUp Space пры БДУ Ягор Аліферка, а таксама запрошаныя госці - студэнты і выпускнікі ВНУ, заснавальнікі беларускіх арганізацый у сферы адукацыі, IT, банкаўскіх паслуг, прасоўвання і продажаў. Спікеры падзяліліся вопытам развіцця ўласных праектаў ад пачатковай стадыі да бягучага выніку, расказалі аб магчымасцях пабудовы прадпрымальніцкай кар'еры ўжо са студэнцкай лавы, карысных інструментах для вядзення бізнесу, спосабах пошуку партнёраў і тыповых памылках прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў.
Таксама на мерапрыемстве прайшло ўзнагароджанне ўладальнікаў грантаў Парка высокіх тэхналогій. У ліку пераможцаў – студэнты трэцяга курса спецыяльнасці «Праграмная інжынерыя» факультэта матэматыкі і інфарматыкі Аляксей Жукевіч і Ілля Коншын.