Сёння, 23 ліпеня, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праходзіць чарговы дзень уступнай кампаніі. Экзамены праводзяцца ў пісьмовай, вуснай і практычнай формах у адпаведнасці з графікам, зацверджаным прыёмнай камісіяй.
У гэты дзень свае веды і навыкі дэманструюць 299 абітурыентаў. Экзамены праходзяць па наступных навучальных дысцыплінах: «Фізічная культура і спорт», «Педагогіка», «Тэорыя і методыка фізічнага выхавання», «Тэхналогія прыгатавання ежы», «Агульная тэорыя права», «Асновы інжынернай графікі», «Эканоміка арганізацыі». Для тых, хто паступае на спецыяльнасці «Архітэктура», «Графічны дызайн і мультымедыядызайн» і «Мастацкая адукацыя», прадугледжаны творчыя выпрабаванні, якія ўключаюць выкананне заданняў па кампазіцыі і малюнку.
Уступныя іспыты ў Купалаўскім універсітэце працягнуцца да 25 ліпеня ўключна.
Прыёмная камісія ўніверсітэта жадае ўсім абітурыентам паспяховай здачы і ўпэўненасці ў сваіх сілах!