27 чэрвеня, у Дзень моладзі і студэнцтва, прайшоў фестываль «МоладФэст – Прыцягненне». У межах яго адкрыцця адбылося ўзнагароджанне самых актыўных прадстаўнікоў маладога пакалення Гродзеншчыны. Сярод адзначаных падзякамі – студэнты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю адзначылася важнай падзеяй – ушаноўваннем моладзі, якая сваёй актыўнай дзейнасцю і жыццёвай пазіцыяй фарміруе будучыню нашай Гродзеншчыны.
Да прысутных з прывітальным словам звярнуўся намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін. Ён адзначыў упартасць, мэтанакіраванасць, прыгажосць і спартыўныя дасягненні цяперашняй моладзі, пасля чаго ўручыў падзякі прадстаўнікам, якія найбольш вызначыліся.
У лік узнагароджаных за эфектыўную рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў горадзе Гродна, значны ўклад у развіццё маладзёжных ініцыятыў і актыўную грамадзянскую пазіцыю ўвайшлі тры студэнткі Купалаўскага універсітэта: студэнтка 5 курса філалагічнага факультэта Юлія Сінкевіч, студэнтка 3 курса факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Карына Місцюк і студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта Варвара Германюк.
– Шчыра кажучы, калі цябе адзначаюць падзякай, гэта вельмі прыемна, – прызналася Карына Місцюк. – Шмат гаворыцца аб тым, што наша моладзь – стратэгічны рэсурс краіны, неаднаразова гэта падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы. І, вядома, калі моладзь заўважаюць, шануюць, а галоўнае – слухаюць і чуюць, гэта заўсёды прыемна. Хочацца працаваць яшчэ больш, яшчэ больш старанна і рабіць усё, каб наша краіна квітнела.
Прызнанне студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы на такім узроўні дэманструе, што купалаўская моладзь гатова актыўна развівацца і дасягаць вяршыняў не толькі ў адукацыйнай і навуковай сферах, але і ў грамадскай і палітычнай дзейнасці.
