Віцебскі дзяржаўны ордэны Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт у чарговы раз сабраў каманды трох краін - Беларусі, Расіі і Узбекістана, каб вырашыць, хто больш здольны ў воінскім рамястве. З 13 па 15 мая тут прайшоў міжнародны ваенна-патрыятычны конкурс "Я б у армію пайшла", які аб'яднаў каля ста прадстаўніц прыгожага полу з ВНУ гэтых краін.
Спаборніцтвы праходзілі на базе 103-й паветрана-дэсантнай брыгады і сёлета былі прысвечаны дзвюм важным і сімвалічным падзеям - Году беларускай жанчыны і 81-й гадавіне Вялікай Перамогі.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на дадзеным мерапрыемстве прадставілі дзесяць цудоўных дзяўчат з пяці факультэтаў: студэнткі другога курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі Анастасія Сігейкіна і Дар'я Абрамчук, студэнткі другога курса факультэта фізічнай культуры Аляксандра Яроміна і Паліна Хільмановіч, студэнткі чацвёртага і першага курсаў фізіка-тэхнічнага факультэта Валерыя Цвік і Аляксандра Запольская, студэнткі трэцяга і другога курсаў факультэта біялогіі і экалогіі Вікторыя Клімук і Эльвіра Майсеева і студэнткі трэцяга курса юрыдычнага факультэта Ганна Тозік і Арына Белавокая. Кіраўніком каманды выступіла вядучы спецыяліст аддзела падтрымкі маладзёжных праектаў і ініцыятыў Кацярына Гануцына.
У першы дзень спаборніцтваў дзяўчыны прынялі ўдзел у ваенна-прыкладным мнагабор'і «Сіла. Спрыт. Хуткасць». Яны разбіралі і збіралі аўтамат, прымяралі бронекамізэлькі і шлемы, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі і кідалі гранаты ў цэль. Праграма таксама ўключала пераадоленне плота, аказанне першай дапамогі і пераноскі «пацярпелых» на насілках. Акрамя таго, удзельніцы прайшлі выпрабаванне «Хімічная трывога».
Як адзначыла капітан нашай каманды Анастасія Сігейкіна, менавіта ў ваенна-прыкладным мнагабор'і спатрэбілася найбольшая зладжанасць.
– У ім нельга дзейнічаць па адзіночцы: трэба пастаянна страхаваць і дапаўняць адзін аднаго, – распавяла Анастасія.
На другі дзень удзельніц чакалі выпрабаванні, у якіх яны дэманстравалі не толькі сілу і спрыт, але таксама інтэлект, творчыя здольнасці і бытавую кемлівасць. Дзяўчаты прынялі ўдзел у інтэлектуальным турніры «Знатокі», стралковым дваяборстве «Снайпер. Дакладнасць. Трапнасць. Майстэрства», кулінарным паядынку «Ласунак для салдата», спартыўных спаборніцтвах «Хутчэй, вышэй, мацней» і творчым конкурсе «Жанчына. Вясна. Перамога».
У трэці, завяршальны дзень студэнткі ўшанавалі памяць удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны: прынялі ўдзел у патрыятычным аўтапрабегу і ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.
Па выніках напружаных трохдзённых спаборніцтваў Купалаўскі ўніверсітэт заслужана стаў уладальнікам другога месца, прадэманстраваўшы высокія навыкі, згуртаванасць і волю да перамогі.
– У той момант унутры ўсё змяшалася: дрыготка ў каленях ад стомленасці, дзікі гонар за каманду і неверагодны спакой. Разумееш, што ўсе намаганні былі не дарма, – падзялілася Анастасія Сігейкіна.
Таксама нашы дзяўчаты сталі ўладальніцамі ўзнагарод «Сцэнічная дасканаласць» за артыстызм і творчы талент і «Маланкавая абарона» за хуткасць і тактычнае майстэрства.
Віншуем купалаўцаў з дасягненнем і жадаем ім далейшых перамог!