22 лістапада ў г. Смаргоні прайшоў абласны конкурс танцавальных калектываў "Скокі ва ўсе бокі", які сабраў больш за 600 артыстаў, якія прадставілі звыш 50 яркіх нумароў.
Танцавальны конкурс праводзіцца з мэтай вывучэння, аднаўлення і захавання мясцовай (рэгіянальнай) традыцыйнай танцавальнай культуры, а таксама стварэння відэаархіва найлепшых узораў танцавальнага мастацтва Гродзенскай вобласці. Акрамя таго, конкурс садзейнічае развіццю і прапагандзе беларускага харэаграфічнага мастацтва, стымулюе дзейнасць танцавальных калектываў, узбагачае рэпертуар і дапамагае ў выяўленні талентаў для прысваення званняў "народны" і "ўзорны".
У конкурсе прынялі ўдзел знакамітыя калектывы са званнямі "народны" і "ўзорны", а таксама таленавітыя дэбютанты. Удзельнікі спаборнічалі ў дзвюх асноўных намінацыях: "Беларускі народны танец" і "Сучасная харэаграфія".
Харэаграфічны калектыў "ВІАР" не толькі заваяваў званне пераможцы конкурсу, але і быў удастоены спецыяльнай намінацыі "Лепшы харэаграфічны нумар", пацвердзіўшы высокі ўзровень майстэрства і арыгінальнасць сваіх пастановак.
ГрДУ імя Янкі Купалы ганарыцца дасягненнямі калектыву і віншуе яго ўдзельнікаў з заслужанай перамогай, а таксама жадае далейшых творчых поспехаў і яскравых выступленняў!
