Студэнты спецыяльнасці "Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання" факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы прадэманстравалі высокі ўзровень падрыхтоўкі, заваяваўшы прызавыя месцы на VI Міжнароднай навукова-даследчай алімпіядзе "Сучасная навука і інавацыі ў індустрыі харчавання". Алімпіяда, якая праходзіла ў ФДГАУ ВА "Сібірскі федэральны ўніверсітэт" (Расійская Федэрацыя), аб'яднала 64 маладых даследчыка з Беларусі, Казахстана і Расіі.
Алімпіяда, арганізаваная ў змешаным фармаце, уключала ў сябе два этапы: тэсціраванне і конкурс праектаў. Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта паспяхова выступілі ў намінацыі «Бяспека харчовых прадуктаў», падаўшы на суд журы дзве працы.
Дыплом I ступені атрымала Ксенія Шайновіч за працу "Распрацоўка сучаснага зборніка тэхналагічных карт страў паназіяцкай кухні". У сваёй працы яна даследавала разнастайнасць паназіяцкіх страў, акцэнтуючы ўвагу на іх унікальных асаблівасцях і метадах прыгатавання.
Лізавета Ількіў удастоена дыплома III ступені за працу «Распрацоўка сістэмы кіравання харчовай бяспекай на аснове прынцыпаў ХАССП у рэстаране хуткага харчавання». У сваім даследаванні Лізавета прапанавала эфектыўныя метады па забеспячэнні бяспекі харчовай прадукцыі, што асабліва актуальна для рэстаранаў з высокай праходнасцю.
Навуковым кіраўніком купалаўцаў выступіла Анастасія Кучар, старшы выкладчык кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання Купалаўскага ўніверсітэта.
