Сёння, 19 лістапада, у Купалаўскім універсітэце прайшоў Адзіны дзень інфармавання, які аб'яднаў кіраўніцтва, супрацоўнікаў і студэнтаў для адкрытага дыялогу аб актуальных пытаннях развіцця краіны. Сустрэчы адбыліся ў галоўным корпусе, на ўсіх факультэтах, а таксама за межамі ўніверсітэта – навукоўцы-купалаўцы выступілі ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый горада, уносячы свой уклад у фарміраванне моцнага рэгіёну.
У ходзе гутарак былі ўзняты дзве асноўныя тэмы. Першая з іх - "Беларускі каравай - 2026: харчовая бяспека краіны". З дакладам перад працоўным калектывам у галоўным корпусе ўніверсітэта выступіў прарэктар Вячаслаў Раманенка.
Спікер падкрэсліў стратэгічную значнасць аграрнага сектара для незалежнасці дзяржавы.
- Харчовая бяспека - гэта адзін з найважнейшых напрамкаў бяспекі любой краіны, яе суверэнітэту. Беларуская мадэль харчовай бяспекі зыходзіць з самага простага: найперш забяспечыць сябе ўсімі прадуктамі харчавання, неабходнымі для жыццядзейнасці нашага народа, - адзначыў Вячаслаў Раманенка.
Акрамя таго, у ходзе выступлення было падкрэслена, што наша краіна не толькі поўнасцю закрывае ўнутраныя патрэбнасці па асноўных групах тавараў, але і актыўна развівае экспартны патэнцыял, захоўваючы пры гэтым безумоўны прыярытэт для айчыннага спажыўца. Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы абмеркавалі вынікі ўборачнай кампаніі, дасягненні аграрнага сектара рэспублікі і ўклад навукі і адукацыі ў забеспячэнне харчовай незалежнасці.
У ходзе абмеркавання былі агучаны ключавыя вынікі работы аграпрамысловага комплексу. Так, агульны ўзровень самазабеспячэння краіны харчаваннем дасягае 95 працэнтаў, а доля беларускіх тавараў на паліцах магазінаў па базавых пазіцыях ( сметанковае масла, яйкі, мяса, цукар, сыры) складае ад 96,6 працэнта да 100 працэнтаў. Што да ўраджаю 2026 года, то ў краіне намалочана больш за 11,4 млн тон збожжавых з улікам рапсу і кукурузы (пры ўнутранай патрэбнасці 7 млн тон), прычым важкі ўклад у агульны бохан унесла Гродзенская вобласць (звыш 2,3 млн тон). Сфарміраваны стабілізацыйныя фонды ў аб'ёме больш як 165 тыс. тон, што поўнасцю забяспечыць гандлёвыя сеткі і сацыяльныя ўстановы агароднінай і садавіной у міжсезонне. Таксама было адзначана, што Беларусь уваходзіць у топ-5 сусветных экспарцёраў малочнай прадукцыі і топ-15 па пастаўках мяса птушкі, ялавічыны і каўбасных вырабаў. За 9 месяцаў бягучага года прадпрыемствы Гродзенскай вобласці ўжо паставілі прадукцыю ў 48 краін свету на суму 730,3 млн. долараў.
Гаворачы аб укладзе адукацыі ў забеспячэнне харчовай бяспекі, дакладчык падкрэсліў, што асаблівая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы і замацаванню маладых спецыялістаў у вёсцы - у тым ліку праз профільныя класы, мэтавае навучанне і меры матэрыяльнай падтрымкі.
Другая, не менш важная тэма - "Усебеларускі народны сход - гарант стабільнасці і паступальнага развіцця краіны". Удзельнікам сустрэч расказалі аб 30-гадовым шляху станаўлення ВНС - ад першага форуму 1996 года да набыцця па выніках рэферэндуму 2022 года статусу вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя.
Спікеры нагадалі аб ключавых рашэннях сёмага Усебеларускага народнага сходу: на першым пасяджэнні ў красавіку 2024 года былі зацверджаны Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Ваенная дактрына, а на другім пасяджэнні ў снежні 2025 года - Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026-2034 гады. Адзначалася, што УНС замацаваў унікальную мадэль прамой дэмакратыі, якая дазваляе калегіяльна вызначаць стратэгічныя прыярытэты дзяржавы - ад умацавання чалавечага патэнцыялу і тэхналагічнай трансфармацыі да развіцця моцных рэгіёнаў, - і карыстаецца высокім даверам грамадзян (больш за 70% па дадзеных сацыялагічных даследаванняў). Асаблівую ўвагу выступоўцы надалі значэнню будучага трэцяга пасяджэння VII УНС, правядзенне якога запланавана ў Мінску на 17-18 снежня бягучага года.
Адзначым, што Адзіны дзень інфармавання выйшаў за межы ўніверсітэцкіх аўдыторый. Навукоўцы ГрДУ імя Янкі Купалы правялі сустрэчы на прадпрыемствах і ў арганізацыях горада, умацаваўшы дыялог з рэальным сектарам эканомікі.
Так, доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Эдмунд Ярмусік пагутарыў з работнікамі ААТ "Гроднахлебпрам", кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры тэхналогіі, фізіялогіі і гігіены харчавання Валянціна Жарнова правяла сустрэчу з супрацоўнікамі Гродзенскага РУП "Фармацыя", а дацэнт кафедры паліталогіі і сацыялогіі Аляксандр Арлукевіч выступіў перад калектывам РУП "Гроднаэнерга". Акрамя таго, перад супрацоўнікамі МНС выступіў старшы выкладчык кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі Аляксандр Балкуноў, прадставіўшы даклад на тэму "Усебеларускі народны сход - гарант стабільнасці і паступальнага развіцця краіны".
Мерапрыемствы прайшлі ў атмасферы канструктыўнага дыялогу: удзельнікі змаглі задаць спікерам пытанні, якія цікавяць, абмяняцца думкамі і атрымаць кампетэнтныя тлумачэнні па заяўленых тэмах.
Адзіны дзень інфармавання застаецца важнай пляцоўкай для адкрытых зносін, накіраваных на ўмацаванне адзінства ў грамадстве, павышэнне ўзроўню інфармаванасці грамадзян і ўключэнне калектываў у абмеркаванне ключавых задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.