У Мінску завяршыла сваю працу 23-я спецыялізаваная выстава для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў, выпускнікоў ВНУ, бацькоў, прадстаўнікоў улады, бізнесу і грамадскасці «Адукацыя і кар'ера». Пляцоўка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы стала адной з самых запатрабаваных.
У перадапошні дзень працы выставы, 14 лютага, Купалаўскі ўніверсітэт прадставіў інтэрактыўныя пляцоўкі чатырох факультэтаў: педагагічнага факультэта, філалагічнага факультэта, факультэта эканомікі і кіравання і факультэта псіхалогіі.
Філалагічны факультэт прапанаваў гасцям выставы абмеркаваць напрамкі адукацыі ў рамках мерапрыемства «Сучасная філалогія: траекторыі прафесійнага росту». Купалаўцы прадэманстравалі, што філалогія ў сучасным свеце неабходна ў самых розных сферах жыцця.
Факультэт псіхалогіі правёў для абітурыентаў і іх бацькоў займальную экскурсію ў свет чалавечай свядомасці ў рамках мерапрыемства «Свет псіхалогіі». Таксама на гэтай пляцоўцы ўсе ахвочыя змаглі пазнаёміцца з дзейнасцю факультэта.
Факультэт эканомікі і кіравання падрыхтаваў мерапрыемства «Кар'ерны драйв ФЭУ», дзе купалаўцы расказалі абітурыентам аб навыках, якія павінен мець сучасны эканаміст, асаблівасцях паступлення на факультэт, а таксама аб тым, якія перспектывы адкрываюцца перад выпускнікамі факультэта эканомікі і кіравання.
Цікавасць сярод гасцей выклікала і пляцоўка педагагічнага факультэта, які падрыхтаваў адразу два мерапрыемствы. У рамках «Педагагічнага калейдаскопа» абітурыенты змаглі больш даведацца пра свет педагогікі, асаблівасці дашкольнай, школьнай і інклюзіўнай адукацыі, а таксама пра паступленне на педагагічны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта.
Асабліва пазнавальным стаў для гасцей выставы майстар-клас «Лагапедычная майстэрня». Кожны жадаючы змог не толькі даведацца аб спецыфіцы працы лагапеда, але таксама пазнаёміцца з навучальнымі матэрыяламі і папрацаваць з імі.
Кульмінацыяй выставы стала ўрачыстая цырымонія закрыцця, якая прайшла 15 лютага. На цырымоніі ўсім удзельнікам, уключаючы дэлегацыю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, быў уручаны дыплом удзельніка XXIII спецыялізаванай выстаўкі для школьнікаў, абітурыентаў, студэнтаў, выпускнікоў ВНУ, бацькоў, прадстаўнікоў улады, бізнесу і грамадскасці «Адукацыя і кар'ера».
Адзначым, што за чатыры дні мерапрыемства сабрала больш за 22 тысячы наведвальнікаў, што, паводле слоў першага намесніка Міністра адукацыі Аляксандра Бахановіча, на 5 тысяч чалавек больш, чым летась, і паказвае на павелічэнне зацікаўленасці ў падобных выставах. Удзельнікамі форуму сталі больш за 180 устаноў адукацыі і прадпрыемстваў-заказчыкаў кадраў.