6 верасня першакурснікі ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прынялі прысягу на вернасць Радзіме і беларускаму народу. Гэты дзень, напоўнены трапятаннем і хваляваннем, стаў адным з важных у жыцці кожнага вайскоўца. Цяпер на ўчорашніх школьніках, а ўжо сёння сапраўдных курсантах, сур'ёзная адказнасць - абараняць Рэспубліку Беларусь.
Традыцыйна мерапрыемства прайшло на мемарыяльным комплексе "Курган Славы". Тут сабраліся прадстаўнікі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, ваенных ведамстваў горада, прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай канфесій, а таксама родныя і блізкія курсантаў.
Пачалося ўрачыстае мерапрыемства з ускладання кветак да Вечнага агню. Гэта даніна павагі, падзякі і пашаны да тых, хто аддаў жыццё за мірнае неба і адстойваў нашу Радзіму.
Далей курсанты прынялі прысягу на вернасць краіне і народу. Пасля прысягі словы віншавання прагучалі ад рэктара Купалаўскага ўніверсітэта Ірыны Кітурка.
- Я жадаю вам, каб гэтыя словы былі не проста словамі, каб гэта стала стылем жыцця чалавека, які на плячах носіць пагоны. Шчыра жадаю, каб праз чатыры гады, калі мы будзем уручаць вам дыпломы і афіцэрскія пагоны, на сваё першае месца службы вы з'ехалі не адны, каб вы павезлі з сабой тую палоўку, якая будзе забяспечваць вам надзейны тыл, - павіншавала курсантаў Ірына Фёдараўна.
Для курсантаў ваеннага факультэта прынясенне прысягі на вернасць Радзіме з'яўляецца адным з найважнейшых і ўрачыстых момантаў у іх жыцці. Гэта падзея сімвалізуе пераход ад вучобы да ўсведамлення сваёй адказнасці перад дзяржавай, грамадствам і самім сабой.
- Было вельмі хвалююча, але я імкнуўся да гэтага ўсё жыццё. Мае бацькі вайскоўцы, і мне заўсёды ёсць з каго браць прыклад. Вельмі рады прыняццю прысягі і гатовы мужна і самааддана абараняць Рэспубліку Беларусь, - падзяліўся эмоцыямі курсант ваеннага факультэта Арцём Амельчанка.
Яркім фіналам мерапрыемства стала выступленне Роты Ганаровай варты Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Пасля прыняцця прысягі будучыя афіцэры адправіліся ў сваё першае звальненне.